Дзень Волі ў Слуцку: Канцэрт дазволілі, каб папаляваць на арганізатараў?
Мой артыкул пра святочны канцэрт у Слуцку ў гонар
100-годдзя БНР павінен быў з’явіцца ўчора, адразу пасля
мерапрыемства, недзе а 14.15. Гэта была б нататка пра тое, як ў
Слуцку каля 100 чалавек апладзіравалі Змітру Бартосіку, Алесю Дзянісаву (Dzieciuki)
і салігорскаму гурту «Харачакра». Аднак...
Аднак адразу ж пасля канцэрту давялося ўдзельнічаць у нейкім танным баявіку. Тры аўтамабілі з нахабнымі людзьмі ў цывільным палявалі на мяне і маіх пасажыраў: вядоўцу канцэрта Алеся Лагвінца, арганізатарку Аліну Нагорную і іх сяброў — Уладзіміра Бараноўскага і Іллю Буткіна.
Хаця напачатку здавалася, што дзень будзе добры і святочны. У вялікай залі гарадскога дома культуры 25 сакавіка ў 12-30 сабраліся каля 100 чалавек, што для Слуцку багата. І гэта нягледзячы на тое, што афішы пра мерапрыемства з’явіліся ў горадзе толькі за дзень да свята.
І ўсё — пазітыў
скончыўся. Міліцыянты перад імпрэзай запатрабавалі прыбраць святочныя банеры, у
тым ліку з “Пагоняй”. Нягледзячы на тое, што і ў міліцыі, і ў Слуцкім райвыканкаме
размова пра афармленне канцэрта вялася ў пазітыўным русле.
Ну прыбраць, дык прыбраць,— вырашылі арганізатары, каб не канфліктаваць і не сарваць канцэрт. У выніку толькі два рушнікі з беларускім арнаментам нагадвалі, што на сцэне будзе адбывацца нешта, звязанае з беларускасцю. Нам ужо б насцярожыцца…
Што было далей? Было ўступнае слова вядоўцы, палітолага
Алеся Лагвінца, былі песні пра Беларусь і наша жыццё ў выкананні цудоўных
артыстаў. І не было аніякай крамолы!
Нават харызматычны выканаўца
Алесь Дзянісаў пацвердзіў сваімі песнямі адвечнае імкненне беларусаў да таго,
каб “не было вайны”. Не дапамагло…
Устрывожаныя затрыманнем міліцыянтамі Слуцкага РАУС
свайго кіроўцы нібыта з-за таго, што аўтамабіль можа лічыцца ва ўгоне, пешыя арганізатары
папрасілі мяне дапамагчы. І пачалося… За маёй машынай пачалі рух тры аўтамабілі з невядомымі
людзьмі ў цывільным. Па ўсім горадзе. Ці тое ім так банеры паглядзець хацелася, ці тое са мной пазнаёміцца, не ведаю.
Час ад часу мы заязджалі у Слуцкі РАУС, каб
даведацца пра лёс затрыманага кіроўцы, і нашы машыны суправаджэння цярпліва
паўтаралі маршрут за намі ад майго дому да РАУС, ад РАУС да майго дому. Людзі ў
цывільным праз акно кавярні назіралі, як мы п’ем каву. Мо і праўда галодныя
былі?..
А пасля пагналіся за Алінай Нагорнай і двума яе сябрамі аж да вёскі
Шышчыцы (80-ы кіламетр) трасы Слуцк—Мінск. І зусім не для таго, каб пазнаёміцца
з прыгожай дзяўчынай. Аліну і яе сяброў абвінавацілі ў няправільным пераходзе
дарогі ў вёсцы Шышчыцы і вярнулі ў Слуцк для складання пратаколу.
Чаму так важна было для слуцкіх правахоўнікаў, каб пяцёра жыхароў Мінска не вярнуліся дамоў і начавалі ў Слуцку — мне незразумела. Аліна Нагорная і яе сябры пакінулі Слуцкі РАУС толькі пасля 20-00, калі ніводная маршрутка ўжо не пагадзілася на тое, каб завезці іх дамоў у Мінск.
Паездзіўшы ў ганаровым суправаджэнні па вуліцах 8-е
Сакавіка, Камсамольскай, Багдановіча, Леніна, Жукава, Ленінскай, Уласаўца, я,
ўрэшце, зноў спынілася ля будынка РАУС. Да гэтага, праўда, паспрабавала правесці
мірныя перамовы з чатырма мужчынамі ў цывільным у сінім аўтамабілі з
дзяржнумарам 0810 IC-5, каб усё ж даведацца, што ім трэба ад
нас. На мірныя перамовы яны не пайшлі — зачынілі шкло, і некаторы час мы
наўпрост фатагравалі адзін аднаго. Як быццам адзін аднаму паказалі дулі.
Пасля гэтага я вырашыла напісаць заяву ў Слуцкі РАУС аб дзіўным пераследзе, які пагражаў маёй бяспецы і бяспецы майго госця.
Як вы думаеце, колькі часу трэба, каб напісаць такую заяву? Некалькі хвілін? Дык вось, не. Начальнік аховы грамадскага парадку і прафілактыкі Семяновіч Аляксандр Аляксандравіч больш за 2 гадзіны запісваў маю інфармацыю. Паводзіў сябе так, нібыта не я сама прыйшла напісаць заяву на зламыснікаў, а мяне затрымалі. Пры гэтым даваў зразумець, што мяне могуць пасля праверкі прыцягнуць да адказнасці за ілжывую інфармацыю.
Мяне спрабавалі прымусць выключыць тэлефон, фотаапарат, торбу з сваімі рэчамі выкласці на стол. Зразумела, што я гэтага не зрабіла, бо палічыла сябе свабодным чалавекам, які мае права свабодна карыстацца сваімі рэчамі.
Калі б Алесь Лагвінец не адмовіўся даваць свае паказанні па прычыне стрэсу, нам прыйшлося б прабыць у РАУС яшчэ 2 гадзіны. Апрача начальніка аховы грамадскага правапарадку ў РАУС не знайшлося ніводнай афіцыйнай асобы, якая б магла займацца нашай справай.
Аднак заяву маю ўсё ж прынялі. У ёй я паскардзілася, акрамя іншага, і на тое, што вялікае свята было зганьбавана недарэчнымі дзеяннямі праваахоўнікаў.
Мне цікава:
Ці выконвалі яны чужую волю, або палявалі на людзей самі па сабе? Дзеля чаго і хто даў ім на гэта права? Навошта міліцыянты запалохваюць мірных грамадзян, якія не парушылі парадак?Чаму яны не апрануты ў форму, і вельмі нагадваюць бандытаў?
Замест таго, каб аддзячыць жыхароў Мінска — вядучага Алеся Лагвінца і арганізатарку канцэрта Аліну Нагорную — за цудоўную дазволеную імпрэзу для жыхароў горада, улады арганізавалі на іх паляванне. Ці гэтак дробна адпомсцілі за тое, што далі дазвол на свята?
***
А самі ўдзельнікі імпрэзы, якіх я апытала пасля святочнай імпрэзы, адзінагалосна выказаліся пра неабходнасць памяці пра свята і ўдзячнасць арганізатарам:
Іван Кандрацьевіч, 76 гадоў: “Я прыйшоў дзеля таго, каб пачуць праўду. І я яе пачуў”.
Андрэй Валер’евіч: “Цудоўны канцэрт, цудоўнае свята. Трэба помніць спадчыну. Я — патрыёт, не нацыяналіст, але я — за Беларусь!”
Анатоль Шкурскі: “Добры канцэрт. Тэма мяне зачапіла. Трэба адзначаць такія святы і помніць сваю гісторыю. Няправільна, што міліцыя зняла сімвалы. Гэта несправядліва”.
Гэтак жа несправядліва ў Слуцку ночыць на штрафстаянцы аўтамабіль кіроўцы Алеся Лагвінца, і гэтак жа несправядліва будуць пакараны адміністратыўнымі штрафамі Аліна Нагорная і яе сябры пасля міліцэйскай гульні “коткі — мышкі”. Пры гэтым такая гульня каштуе занадта дорага для дзяржаўнага бюджэту, бо прыкладна 15 міліцыянтаў затрацілі па 4 гадзіны (альбо 60 гадзін непрадукцыйнага рабочага часу), спалілі процьму аўтамабільнага паліва. І ўсё толькі дзеля таго, каб пяцёра чалавек своечасова не вярнуліся дамоў да сваіх блізкіх і мелі сапсаваны, несвяточны настрой.
Можа, міліцыянтам няма ў Слуцку працы і іх патрэбна скараціць?