Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза не выйшаў на волю пасля сутак

Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза Максім Пазнякоў не выйшаў на волю пасля арышту — яму дадалі яшчэ 15 сутак, паведамляе прафсаюз.

Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза Максім Пазнякоў

Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза Максім Пазнякоў


Максіма Пазнякова судзілі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП РБ («Парушэнне парадку правядзення ці арганізацыі масавых мерапрыемстваў»). У чым менавіта абвінавацілі прафсаюзнага лідара на гэты раз — невядома.
Пазнякова затрымалі раніцай 17 траўня людзі ў цывільным, на аўтамабілі без апазнавальных знакаў ля дзіцячага садка ў Наваполацку, куды мужчына адвозіў сваіх дзяцей. Старшыню прафсаюза тады асудзілі на 15 сутак за ўкраінскі сцяг і фразу «Я за незалежнасць» на аватарцы ў «Фэйсбуку».
Хваля ператрусаў і затрыманняў актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху пракацілася па краіне 18 і 19 красавіка. У выніку былі затрыманыя і неўзабаве прызнаныя палітвязнямі старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук, яго намеснік Сяргей Антусевіч, лідар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч, прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхась Громаў, Віталь Чычмароў, Васіль Бераснеў.
Пасля допытаў пад падпіску аб нявыездзе вызвалілі Ігара Комліка, Ганну Дусь, Вадзіма Пайвіна, Юрыя Белякова, Мікалая Герасіменку, Алену Яськову, Лізавету Мярляк. Іх статус пакуль невядомы.