Стала вядома, хто яшчэ вызвалены па «справе «Белгазпрамбанка»
Як стала вядомa «Нашай Ніве», на волі старшыня назіральнай рады «Кентаўра» Вольга Радзецкая, акцыянеры «Прыватлізінга»: дырэктар Андрэй Харлановіч, Аляксей Герашчанка і Антон Марозаў (намеснік Радзецкай у «Кентаўры»).
Пры гэтым Сяргей Дабралёт, былы супрацоўнік
«Белгазпрамбанка» і акцыянер «Прыватлізінга», на волю не выйшаў — ён у
папраўчай калоніі. Крымінальныя справы супраць вызваленых людзей не закрыты,
абставіны іх вызвалення невядомыя.
«Прыватлізінг» і «Кентаўр» — кампаніі, якія пацярпелі пасля
разгрому «Белгазпрамбанка» і арыштаў у колах, набліжаных да фаварыта
прэзідэнцкай гонкі Віктара Бабарыкі.
Раней стала вядома пра вызваленне чатырох чалавек па «справе "Белгазпрамбанка"»: Вольгі Купрэевай, Уладзіміра Сажына, Дзмітрыя Каракі і
Дзмітрыя Жардзецкага.