Спыніце пераслед студэнтаў і выкладчыкаў БДЭУ за іх палітычныя перакананні!
Выкладчыкі і супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта звярнуліся да рэктара з заклікам спыніць маральна-псіхалагічны і фізічны ціск на студэнтаў і супрацоўнікаў БДЭУ, нагадваючы словы Якуба Коласа: «У істоце кожнага страху ляжыць наша няведанне, наша цемната».
У адкрытым звароце да рэктара выкладчыкі і супрацоўнікі БДЭУ просяць “устрымацца ад крокаў, накіраваных на пакаранне студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю”. Пад зваротам падпісалася ўжо больш за 150 чалавек.
Выкладчыкі і супрацоўнікі кажуць: стала вядома, што кіраўніцтва ўніверсітэта рыхтуе дакументы на адлічэнне некаторых студэнтаў, а таксама на звальненне выкладчыкаў у сувязі з іх грамадзянскай пазіцыяй.
“Адлічэнні студэнтаў і звальненне супрацоўнікаў адміністрацыяй універсітэта непазбежна вядуць да ўзмацнення пратэстных настрояў з боку студэнтаў, палярызацыі ў студэнцкім і выкладчыцкім асяроддзі, эскалацыі канфліктаў унутры ўніверсітэта і могуць неўзабаве стаць прычынай масавага сыходу студэнтаў і выкладчыкаў”, — гаворыцца ў звароце. Усё гэта непазбежна прывядзе да сур'ёзных наступстваў для іміджу ўніверсітэта ўнутры краіны і на міжнароднай арэне: да змяншэння колькасці грамадзян Беларусі і замежнікаў, якія паступаюць у БДЭУ, да спынення акадэмічных праграм абмену, адтоку найбольш таленавітых студэнтаў на вучобу за мяжу.
Выкладчыкі і супрацоўнікі, што падпісалі зварот, выступаюць
за захаванне канстытуцыйных правоў студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў; за адмену
загадаў аб адлічэнні і звальненні, і за гарантаваную бяспеку знаходжання
студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў на тэрыторыі ўніверсітэта.
Выкладчыкі і супрацоўнікі, што падпісалі адкрыты зварот, патрабуюць:
1) перагляду прынятых рашэнняў пра звальненні і адлічэнні студэнтаў;
2) кіравацца гуманістычнымі прынцыпамі, што ляжаць у падмурку акадэмічнай адукацыі;
3) стварыць ва ўніверсітэце атмасферу ўзаемнай павагі і партнёрскіх адносін.