Сорак дрэў ужо высеклі, яшчэ сорак — на чарзе. І усё з дазволу...

Чаму спілавалі шыкоўную іву і яшчэ каля 40 дрэваў у Мінску, на вуліцы Розы Люксембург і не толькі? Адказ на гэта пытанне шукалі карэспандэнты Беларускага зялёнага партала.



minsku_vysiakajucj_drevy.jpg

Любімую іву ўсяго двара аднаго з дамоў па вуліцы Розы Люксембург на гэтым тыдні спілавалі, як і яшчэ каля 40 дрэваў па раёне

Вакол бегаюць дзеці і прахаджваецца бабуля, усе з івавымі дубчыкамі. “Паглядзі, я знайшла самы даўгі!”, — скача дзяўчо. Вакол чуюцца гукі пілы, у суседнім двары бачныя свежыя і патрухлеўшыя пні ўздоўж невялікага футбольнага поля. У двары па суседняй вуліцы, 1-й Землямернай – тыя самыя пілы, стосы галін і папілаваныя ствалы, спецтэхніка. Работнікі аказаліся гаваркімі:

Так, іва прыгожая была. Але што паробіш — трэшчына ў самым ствале. Агулам тут прыбіраюць аварыйныя і вельмі старыя дрэвы, сухастой.

Тут (у двары –аўт.) дрэвы пераважна глядзелі на дзіцячую пляцоўку, а гэта забаронена. Вельмі нахіленыя. Адно з іх, як і тая іва, было трэснутае надвое ў ствале. Калі спілоўвалі, палова была гнілая, і сэнсу пакідаць насамрэч… Так, з выгляду яно прыгожае і квітнее, а ўнутры трухля. Калі моцны вецер, і дзеці на пляцоўцы… Самі разумееце.

Дзедух Аляксандр Уладзіміравіч, кіраўнік ЖРЭУ №2 Маскоўскага раёну, паўтарае амаль тое ж, што казалі работнікі: гнілое, побач арэлі і пясочніца; падчас планавага абходу спецыяліст “Зелянбуда” Маскоўскага раёну сказала рэзаць, “бо некага яна накрые”.

Мы не зацікаўленыя зразаць здаровыя дрэвы ці зразаць несанкцыянавана, на ўсё ёсць дазвол”, — кажа Аляксандр.

Дрэвы прыбіраюць паводле рашэння адміністрацыі Маскоўскага раёну, ад іх жа ёсць дазвол. Усяго амаль 40 і яшчэ на прыкладна 40 па раёне рыхтуецца дазвол. Сярод дрэваў шмат канадскіх таполяў. Кампенсацыйныя пасадкі замест спілаваных дрэваў рабіцца не будуць (у дакументах прочыркі) — калі справа тычыцца аварыйных дрэваў, гэта не патрабуецца, паводле Аляксандра Дзедуха. Калі ў выпадку капрамонтаў, будоўлі парковак зразаюцца добрыя, жывыя дрэвы, такі абавязак ёсць, а тут “людзям не даюць такую нагрузку, каб лішні раз не напружваць фінансава”.

visjakajuc_drevi.jpg

drevi_p_lujuc_.jpg