Барыс Гарэцкі: Улада змагаецца з уласным адлюстраваннем, разбіваючы люстэрка
2021 год стаў для незалежнай журналістыкі чорным у прамым сэнсе. 13 мас-медыя прызнаныя «экстрэмісцкімі», агулам журналісты правялі за кратамі 8733 дзён, адбылося 113 затрыманняў, 29 адміністрацыйных арыштаў, агульная сума штрафаў, накладзеная на супрацоўнікаў СМІ, склала 73 486 беларускіх рублёў. І самае страшнае — 32 журналісты дагэтуль знаходзяцца ў няволі.
Гэта канец незалежнай журналістыкі? Ці яе перафарматаванне? «СН плюс» пагутарыла з намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барысам Гарэцкім.
— Зразумела, што пасля найжорсткай зачысткі медыйнага поля многія нашы калегі апынуліся ў выгнанні. З чым можна параўнаць маштабы эміграцыі?
— З’яваў такога парадку не ведала ні беларуская журналістыка, ні сама Беларусь.
Тры-чатыры сотні чалавек пакінулі радзіму і жывуць цяпер у Польшчы, Літве, Украіне, Грузіі ды іншых краінах. Думаю, гэта прыкладна чвэрць усіх нашых ранейшых чальцоў. Кажу «думаю», бо сёння цяжка сачыць за тым, хто ўваходзіць у БАЖ, а хто не: цяпер за сяброўства ў ліквідаванай арганізацыі ўводзіцца крымінальная адказнасць. Адпаведна, людзі дзеля сваёй бяспекі наўрад ці будуць падкрэсліваць сваю прыналежнасць да той або іншай грамадскай структуры.
Але падкрэслю іншы важны феномен: ужо менш важна, сябра арганізацыі ты ці не. Ва ўмовах вельмі складаных абставін усе мы — адна вялікая журналісцкая сям’я. І калі ведаем, што таму ці іншаму калегу патрэбная дапамога, унутры супольнасці шукаем магчымасці дапамагчы.
— Можна намаляваць партрэт беларускага журналіста-выгнанніка? Ці так проста быць у эміграцыі, як многія ўяўляюць сабе?
— Ніхто тут не пачуваецца героем — не да геройства. Большасць з нас, хто не па сваёй волі пакінуў краіну, сумуюць па Беларусі і як толькі здарацца перамены — першым жа аўтобусам ці цягніком вернуцца дадому. Абсалютна ўсе калегі працягваюць жыць беларускай павесткай.
Трэба разумець, што пры выездзе за мяжу на доўгі час у цябе раней ці пазней пачынае ўзнікаць пэўная фінансавая дзірка. Працу яшчэ можна знайсці (наш медыясектар за апошнія месяцы адраджаецца), аднак пастаянным цяжарам на плячах ляжыць здымнае жыллё. Штомесяц даводзіцца выкладваць на яго дзве траціны месячнага заробку. А зразумела, ніхто раптоўна не стаў зарабляць тут болей, чым зусім нядаўна дома.
Абсалютная большасць калег за мяжой сёння працуюць на беларускія медыя, пры гэтым ад чвэрці да траціны журналістаў не маюць сталай працы і занятыя ў фармаце фрылансу. Асабліва складана ў гэтым плане фатографам і відэааператарам, бо працу, якой яны займаліся ў Беларусі, немагчыма рабіць на адлегласці. Але глабальна, напэўна, мы не маем права скардзіцца на жыццё, бо дзясяткі медыйшчыкаў за кратамі, у непараўнальных умовах, а мы на свабодзе.
— Вы пакінулі Беларусь летам 2021 года. Чаму менавіта Украіна? Ці наладзілі сваё жыццё — прафесійнае ды бытавое?
— Мая праца ад мяне нікуды дзелася, толькі яе крыху паболела. Раней БАЖ працаваў пераважна для сваіх чальцоў у Беларусі. А зараз яны ў вялікай колькасці знаходзяцца ў больш чым пяці краінах. Гэта патрабуе дадатковых высілкаў і ў арганізацыйным, і ў творчым планах.
Як пра быт, то асабіста мне няма на што наракаць. Я выязджаў ва Ўкраіну свядома: на той момант многія калегі ўжо знаходзіліся тут, таму быў упэўнены, што пры патрэбе мяне сустрэнуць і прымуць. Шмат якія рэчы на чужыне робяцца на аснове чалавечай салідарнасці і ўзаемападтрымкі: калі камусьці патрэбна дапамога — мы ўнутры супольнасці пастараемся яе знайсці.
Што да тых, хто застаўся дома, то шукаем усе магчымыя легальныя шляхі для працы з імі.
— Якім чынам БАЖ плануе асвятляць канстытуцыйны рэферэндум, запланаваны на канец лютага?
— Мы нават не разглядалі гэтае пытанне. Абсалютная большасць незалежных выданняў працуюць сёння на высокім прафесійным узроўні, не думаю, што ў нейкай рэдакцыі ўвогуле ўзнікне асобнае пытанне — як асвятляць? Зразумела, у адпаведнасці з дзесяцігоддзямі выпрацаванымі журналісцкімі стандартамі.
— Улада, кінуўшы частку журналістаў за краты, астатніх выціснуўшы з краіны дасягнула сваіх мэтаў? Гэта разгром нашай прафесійнай супольнасці?
— Тое занадта песімістычны погляд. Так, татальная зачыстка медыйнага поля пачалася з траўня мінулага года, калі быў знішчаны партал TUT.BY. Ад таго часу рэжым імкнецца пазбавіць незалежныя беларускія СМІ ўплыву на грамадства, улада не хоча бачыць уласнага адлюстравання ў незалежных выданнях. І ў выніку змагаецца з намі, разбіваючы само люстэрка.
Але ад восені і дагэтуль мы назіраем, што медыйшчыкі здолелі выехаць за мяжу і перазапусціць свае праекты. Калі ўлетку рэдакцыі рэагавалі на падзеі ў Беларусі кароткай інфармацыяй, то зараз цэнтральныя незалежныя СМІ вярнуліся да вялікіх тэкстаў, гісторый і нават расследаванняў.
Беларуская незалежная журналістыка адраджаецца. Нават па заблакаваным сайце БАЖ я бачу, што колькасць заходаў на яго мала зменшылася: чытачы знаходзяць магчымасці і шляхі сачыць за падзеямі. Давер і попыт на незалежную журналістыку і праўдзівую інфармацыю нікуды не знік.