Газета «Наша слова» мяняе фармат

У канцы 2021 года быў спынены папяровы выхад газеты Таварыства беларускай мовы «Наша слова». І вось добрая навіна. У Лідзе выйшаў з друку першы нумар электроннай газеты «Наша слова.pdf», рэдактарам якой па-ранейшаму з’яўляецца Станіслаў Суднік.

zz1_1_1_2048x1532.jpg

На першай старонцы змешчаны вялікі артыкул Станіслава Судніка, дзе ён паведамляе, што “пакуль не адновіцца папяровае выданне “Нашага слова”, электронная газета “Наша слова. pdf” будзе выконваць тыя ж функцыі, друкаваць матэрыялы той жа тэматыкі.

Новая газета будзе адназначна размяшчацца на сайтах http://nslowa.by/, http://pawet.net/, http://kamunikat.org/, http://belkiosk.by/. Матэрыялы з газеты будуць размяшчацца на сайце http://nslowa.by/, у фэйсбуку https://www. facebook.com/nslowa.by.

Новая газета захоўвае аб’ём, але мяняе фармат. Газета будзе выходзіць у фармаце А-4. Па меркаванні спецыялістаў, у электронным друку, у такім фармаце лягчэй чытаць на экране, але ёсць і другая прычына. Мяркуецца раздрукоўка газеты на паперу самімі карыстальнікамі…”.

Дарэчы, рашэнне весці папяровую падшыўку газеты ўжо прыняў літаратурны філіял Лідскага гісторыка-мастацкага музея, магчыма, такое ж рашэнне прыме і Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, а таксама іншыя ўстановы Беларусі і проста чытачы.

Далей спадар Суднік звяртаецца да чытачоў і просіць іх “не ўпадаць у адчай, не апускаць рукі, а працягваць пісаць і чытаць “Наша слова”.

У першым электронным нумары “Нашага слова” значная частка матэрыялаў з Ліды. А хацелася б мець і з астатніх рэгіёнаў Беларусі. Таму рэдактар газеты просіць дасылаць матэрыялы з усёй Беларусі.

“Наступіла новая рэальнасць. Дык што, беларусам у ёй няма месца? Калі каму гэтага і хочацца, то мусім разачараваць і братоў, і суседзяў, беларусы і беларуская мова перажывуць і чарговую хвалю антыбеларускасці, беларусы не пакінуць змаганне за адзіную, святую і дзяржаўную беларускую мову”, — упэўнена заяўляе рэдактар “Нашага слова”.

Беларускае Радыё Рацыя