Слуцкія пенсіянеры шукаюць магчымасці для выжывання

Зыходзячы з бюджэту пражытковага мінімума для пенсіянераў у 134 рублі, на сярэднюю пенсію па ўзросту ў 291,4 рублёў можна нават шыкаваць. На самай жа справе слуцкія пенсіянеры ледзве зводзяць канцы з канцамі.

unnamed__1__8_logo.jpg


На слуцкім кірмашы можна ўбачыць шмат пажылых людзей, якія гандлююць прадуктамі з ўласных падвор’яў. Сядзяць, стаяць за прылаўкамі і ў гарачыню, і ў холад. З цёплых кватэр і хат іх выганяе адсутнасць сродкаў для годнага існавання. Ёсць і такія, хто дапамагае аплочваць арэнду кватэр, адукацыю ўнукам. І тых і другіх аб’ядноўвае немагчымасць выжыць на адну пенсію.
Адна з пенсіянерак, якія гандлююць на кірмашы, пагадзілася распавесці пра свае праблемы, але не пажадала выдаць сваё сапраўднае прозвішча і назвалася Аленай Сяргееўнай. Пабаялася, што могуць узнікнуць праблемы з гандлем, нягледзячы на тое, што яна плаціць за месца.
Алене Сяргееўне 65 гадоў. За плячыма 36 гадоў педагагічнага стажу, працавала ў пачатковых класах. Атрымлівае сярэднюю пенсію па краіне. Ёсць дачка і ўнукі. Грошай з пенсіі катастрафічна не хапае на жыццё. Пакутуе на артроз, высокі ціск, катаракту і іншыя захворванні. Патрэбны грошы на лекі, на аперацыю на вачах. Падпрацаваць у гарадской школе не мае магчымасці  — няма вакансій. Раней крыху падпрацоўвала прыбіральшчыцай у прыватнай фірме, якая зачынілася.
— Лічыцца, што пенсіянеры з’яўляюцца вялікім цяжарам для бюджэту, — гаворыць пенсіянерка. — Але хіба гэта нармальная пенсія, калі я павінна на ўсім эканоміць і гнуцца на падвор’і, каб пракарміцца? Унукі прыходзяць, дык я, бывае, не радуюся — бо не заўсёды ёсць грошы на гасцінцы. Дачка не можа мне дапамагчы, паколькі і сама атрымлівае 300 рублёў.  

unnamed__2__8_logo.jpg


Зоя Ігнацьеўна Драбеня ўжо нічога не баіцца. 75-гадовая жанчына прызвычаілася да мізэрнай пенсіі і не радуецца будучаму падвышэнню пенсіі на 5 адсоткаў. У дапенсійным жыцці акрамя іншага працавала на 8 гадоў на будаўніцтве. Памер яе пенсіі складае 280 рублёў.
 Такое падвышэнне — гэта курам на смех. Хай бы нашы чыноўнікі самі паспрабавалі выжыць на той пражыткавы мінімум, які яны вызначылі для пажылых людзей.
Дарэчы, калі б чыноўнікі паспрабавалі жыць на пражытковы мінімум, яны б маглі прайсці курс выжывання ў пажылой жанчыны. Па словах пенсіянеркі, з мясных прадуктаў яна купляе спінкі курыныя па 1 рублю і шкуркі свіныя па 50 капеек. Калі-некалі  — мясны фарш. Мяса ў суцэльных кавалках альбо рыба трапляюць на абедзенны стол толькі па вялікіх святах. На леках эканоміць, п’е, у асноўным, настоі зёлак.

unnamed__3__8_logo.jpg


— Жыву ў рэжыме жорсткай эканоміі, — распавядае пажылая жанчына. — Ад пенсіі да пенсіі. Нікуды не выязджаю, апрача лецішча сваёй пляменніцы. Там я дапамагаю ёй і такім чынам зарабляю сабе мяшок бульбы. Атрымаю пенсію — бягу галопам дамоў, каб не патраціць. Купляю толькі тое, без чаго не магу абысціся. Кватэру рамантавала дзесяць гадоў таму. Патрэбна было б пераклеіць шпалеры, але няма за што.
Знаходзячыся на пенсіі, у Слуцку цяжка падрабіць на кваліфікаванай працы нават людзям маладзейшым, чым Зоя Ігнацьеўна. Пра гэта сведчаць і аб’явы прадпрыемстваў, дзе гаворыцца пра абмежаваны ўзрост магчымых працаўнікоў.

unnamed_16_logo.jpg


Начальнік  упраўлення па працы і сацыяльнай абароне Слуцкага райвыканкама Бойка Віталь Іванавіч падцвердзіў, што ў працадаўцаў запатрабаваны кваліфікаваныя спецыялісты непенсійнага ўзросту: 
— Запатрабаванасць таго альбо іншага спецыяліста залежыць ад высокай кваліфікацыі работніка. Тэарэтычна прэтэндаваць на працоўнае месца пенсіянер таксама мае права. Але зразумела, што пры выбары з двух кваліфікаваных спецыялістаў на высокааплочваемую працу кіраўнік прадпрыемства аддасць перавагу маладому чалавеку.
Па словах Бойкі, у апошнія часы ў Слуцку зменшыўся попыт на некваліфікаваную працу — прыбіральшчыц, вартаўнікоў. Адпаведна, знізіліся і шансы тых пенсіянераў, якія шукаюць некваліфікаваную працу, каб павысіць свой жыццёвы ўзровень.