Сліжэўскі: У інцыдэнце з карэспандэнтам tut.by міліцыя дзейнічала ў межах сваіх паўнамоцтваў

Міністр юстыцыі Беларусі Алег Сліжэўскі лічыць "не зусім карэктным" каментаваць інцыдэнт з карэспандэнтам tut.by Паўлам Дабравольскім, які адбыўся 25 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, бо не ў курсе ўсіх дэталяў, але мяркуе, што міліцыя дзейнічала ў межах сваіх паўнамоцтваў. Пра гэта ён заявіў 10 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску.



slizhevskij_2_245.jpg

Фота з сайта belapan.by
Паводле слоў Сліжэўскага, ён "не мае ўсёй паўнаты звестак аб тым, што адбылося". "Адзінае, тое, што я сам чытаў у сродках масавай інфармацыі, наколькі я зразумеў, дзеянні (амапаўцаў. — БелаПАН.) былі ў пэўнай ступені справакаваныя, і супрацоўнікі ўжывалі меры ў рамках сваіх паўнамоцтваў. Але ацэньваць тое, што адбылося, проста так, зыходзячы з інфармацыі, якая паступае са СМІ, я, безумоўна, не магу. Паколькі ацэнка ў гэтай сітуацыі павінна давацца кампетэнтнымі органамі", — сказаў кіраўнік Мінюста.
Журналіст Дабравольскі і грамадскія актывісты Максім Шыцік і Павел Сяргей былі збітыя падчас судовых слуханняў па рэзананснай "справе графіцістаў". Сяргей і Шыцік былі з ужываннем грубай сілы выведзеныя з залы суда за тое, што разгарнулі транспарант з надпісам "Не палітычным пераследам" і скандавалі "Мастацтва не злачынства!". Тое, што адбываецца, здымаў на тэлефон Павел Дабравольскі. Усіх трох супрацоўнікі АМАП заштурхалі ў пакой, дзе збівалі на працягу прыкладна 20 хвілін. У той жа дзень збітых асудзілі за непавагу да суда, дробнае хуліганства, непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі і пакаралі буйнымі штрафамі.
Дабравольскі і Шыцік напісалі заяву ў міліцыю на дзеянні супрацоўнікаў і знялі пабоі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз.
Збіванне журналіста атрымала шырокі розгалас у СМІ, і 26 студзеня аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС апублікаваў каментар, у якім заявіў, што Дабравольскі "перашкаджаў законным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі" і не рэагаваў на іх заўвагі. Паведамлялася таксама, што Следчы камітэт праводзіць праверку па скарзе Дабравольскага на дзеянні міліцыянераў.
Збіванне журналіста асудзіла прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч і міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН