Следчыя пагражалі прастрэліць калена панку са Століна?
Дзікую гісторыю апісвае анархісцкі рэсурс «Прамень».
Як вынікае са здарэння, герой якога пажадаў застацца ананімным, мясцовыя супрацоўнікі з нейкай сілавой структуры хацелі зрабіць прыхільніка панк-субкультуры стукачом.
23 лютага хлопцу быццам бы патэлефанавалі са Следчага камітэта, спыталіся, дзе ён і сказалі, што зараз пад'едуць. Людзі, якія прыехалі, прывезлі з сабой бацьку хлопца, якога забралі з працы.
У машыне хлопца распытвалі пра яго сувязі з анархістамі (сам хлопец — панк), ці ведае ён каго-небудзь асабіста, забралі тэлефон і праглядалі на ім фотаздымкі. «Далей міліцыянт па імені Аляксандр сказаў, што можа прастрэліць мне калена, і ў яго ёсць на гэта паўнамоцтва», — паведамляецца на сайце анархістаў.
Наступныя падзеі разгортваліся так:
«Адзін (Аляксандр Мікалаевіч) загадаў:— Едзем у лес.
Сказалі прышпіліць рамень і пакласці рукі на бардачок. У лесе ён сказаў мне выйсці з машыны і трымаць рукі, каб ён бачыў, пазней даў мне закурыць цыгарэту і сказаў павольна ісці наперад, я слухаў яго загады.
Неўзабаве ён спыніў і сказаў: "Твае апошнія словы?» Я прамаўчаў. Была пстрычка (мне здалося, што ён зняў пісталет з засцерагальніка), я адчуў што да маёй спіны прыхінулася дзьмула».
Пасля гэтага хлопца зноў пасадзілі ў машыну, пачалі пагражаць родным праблемамі на працы, казалі, што не хочуць, каб з-за анархістаў «пакутвалі нармальныя людзі».У выніку супрацоўнікі ў цывільным папрасілі знайсці анархістаў у горадзе, зліваць інфармацыю пра іх, а каб хлопец маўчаў пра здарэнне — яму ўсунулі 10 рублёў.
Следчы камітэт пакуль ніяк не каментаваў гэтыя абвінавачванні.