Суд над «супергероем» Раманам Пратасевічам перанесены

У судзе Першамайскага раёна сталіцы 14 красавіка павінны былі судзіць Рамана Пратасевіча за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Курапатах. 

pratasevich_logo.jpg


Раман Пратасевіч — блогер і актывіст, асвятляў барацьбу з будоўляй ля Курапатаў.
Быў арыштаваны 26 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы і адсядзеў 10 сутак на Акрэсціна. Не паспеў выйсці, як атрымаў новую позву ў суд: гэтым разам — за Курапаты. Пратасевіча абвінавачваюць у тым, што 25 лютага а 10 гадзіне раніцы ён актыўна пратэставаў супраць будоўлі.
Але выявілася нестыкоўка, бо акурат у гэты час Раман быў на іспыце ва ўніверсітэце (ён вучыцца на факультэце журналістыкі БДУ). Калі падчас першага слухання справы 10 красавіка Пратасевіч паказаў даведку, згодна з якой ён не мог у зафіксаваны ў пратаколе момант фізічна знаходзіцца ў Курапатах, прысутныя ў зале ледзь стрымалі смех, а міліцыянт-сведка разгубіўся.  
Суд вырашыў перанесці разгляд справы на 14 красавіка — каб выклікаць выкладчыка, які прымаў іспыт.  
Раман Пратасевіч распавёў, што напярэдадні ён вырашыў удакладніць, ці прыйшла таму выкладчыку позва ў суд. Высветлілася, што не. А без позвы дэкан факультэта ў суд ісці не дазваляе: маўляў, гэта прынцыповая пазіцыя. Нягледзячы нават на тое, што ў гэты дзень у выкладчыцы няма заняткаў.  
Хутчэй за ўсё, лічыць Раман, ніякіх позваў нават не дасылалі.
Што і казаць: Беларусь — краіна супергерояў, дзе амапаўцы і затрыманыя могуць знаходзіцца ў розных месцах адначасова.
Паседжанне пачалося, і амаль адразу ж скончылася. Суддзя Дзмітрый Цыкал вырашыў перанесці пасяджэнне на  панядзелак, 17 красавіка, паколькі заяўленыя сведкі на працэс не з'явіліся.