Сёмкаў рэбус, або Чаму трэба гуляць з дзецьмі ў разумовыя гульні

Як зразумець бацькоў, якія не турбуюцца, што дзіця не ведае табліцы множання, не можа ўспомніць ніводнага вершыка. Навошта ж тады яго нараджалі?

_dzeci___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Вядомы беларускі педагог-наватар, аўтар шэрагу падручнікаў па матэматыцы Міхаць Булавацкі разважае пра сучасныя праблемы ў выхаванні дзецей і на добрых жыццёвых прыкладах паказвае, чаму так важна бацькам знаходзіць у сваіх будзённых справах час, каб пагуляць з дзіцём, адзначае «Будзьма».

— Пражыўшы 75 гадоў на белым свеце, я перастаю гэты свет разумець. Углядваюся ў тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх прыводзяць да мяне з праблемамі па матэматыцы, слухаю іх і спрабую адчуць, якой яна будзе, тая будучыня.

Вось Сёмка, пяцікласнік. Бацькі абое з вышэйшай адукацыяй. Нядаўна развяліся. Сёмка жыве па буднях з мамай, па выхадных — з татам. Па матэматыцы — 4. Трэба патлумачыць яму, што за штука прамавугольны паралелепіпед і як развязваць задачкі на вылічэнне аб’ёму і плошчы паверхні. Просьба нескладаная, але я бачу глыбей і спрабую спачатку высветліць, як Сёмка ўмее вылічваць. Пачынаю з просценькіх дробаў. Ніяк. Ні складання, ні множання. «Тройчы шэсць?» — пытаюся. Хлопчык напружвае мазгавыя звіліны і праз 17 секунд (дакладна!) выдае: «Шаснаццаць». «Восем на чатыры?» «Трыццаць шэсць», — зноў пасля доўгага маўчання. «Ты ж зусім не ведаеш табліцы множання!» — здзіўляюся я. «Не, я вучыў...» — «Вучыў і забыў?» — «Ну, я разгубіўся». — «З чаго разгубіўся? Я ж цябе не падштурхоўваю: хутчэй-хутчэй. Думай, колькі хочаш. За гэты час можна было тыя тры шасцёркі скласці. А якія вершы ты ведаеш з рускай ці беларускай мовы?» Хлопчык задумваецца, успамінае. «Што, ніводнага не ведаеш?» — «Не, я вучыў...» — «Ну дык раскажы той, што запомніўся. Хаця б частку». Хлопчык спрабуе ўспомніць, каб пацешыць мяне хаця б двума радкамі, але нічога не ўспамінаецца.

І карціна мне становіцца цалкам празрыстай. Бацькі ўвесь час высвятлялі адносіны між сабой, побач неяк цялёпалася, мільгала дзіця, якое яны кармілі, апраналі, адпраўлялі ў школу. Ну і куплялі ўсякія забаўкі кшталту мабільніка, у якія ён мог занурыцца, каб не назаляў. А ўсякае там «развіваць памяць, назіральнасць, мысленне» — гэта няхай школа. Маўляў, не наша праблема. А школа... Мы ведаем, якая сёння школа. І дзіця — нармальнае дзіця! — расло ў недаразвітасці. І ператварылася ў ненармальнае.

Я не разумею бацькоў, якія не турбуюцца, што дзіця не ведае табліцы множання, не можа ўспомніць ніводнага вершыка. Навошта ж тады яго нараджалі?

Ну як бы пагадзіліся (мабыць, яшчэ ў дашкольным яго ўзросце), што «матэматыкам яму не быць», але ж матэматыка сёння выконвае ролю логікі, якую даўно выкінулі са школы, матэматыка фарміруе мысленне чалавека. Няхай забудзе ўсё з матэматыкі, што вучыў у школе, але застануцца спосабы разважанняў, хаця б элементарныя мысліцельныя працэсы. А тут што? Не ведае табліцы множання — ну і што, націсне кнопкі калькулятара. Забыў, не помніць тое-другое — ну і што, спытаецца ў інтэрнэта, там усё ведаюць.

Усё, ды не ўсё. «Ты помніш, калі твой дзень нараджэння?» Задумаўся. Успомніў, дзякуй Богу. І пра дзень нараджэння бацькі і маці адказаў, але няўпэўнена.

«Ты, калі нарадзіўся, колькі слоў ведаў?» — «Ніводнага!» — «А як жа ты запомніў столькі слоў, якімі зараз карыстаешся?» — «Ну дык дваццаць тысяч разоў паўтаралі». — «Вось і табліцу множання варта многа разоў паўтарыць, каб запомнілася. Не дваццаць тысяч, нашмат менш. Ты ж ужо не той малюпасік, які быў».

Прывёў да мяне яго дзед, мой сябра. Дзед, бач, устурбаваўся. А бацька-музыкант праблемы не ўбачыў. Што ж да маці... Задаў бы я вам задачку ўгадаць з трыццаці разоў, дзе маці працуе, — і не ўгадалі б. Маці выкладае ва ўніверсітэце... псіхалогію. У тым універсітэце, з якога нядаўна звольнілі трох беларускамоўных супрацоўнікаў — двух прафесараў і дацэнта. Спецыялісты высокай кваліфікацыі дзяржаўнай адукацыйнай установе не патрэбны. Застаюцца вось такія, як тая псіхолаг, што свайму адзінаму дзіцёнку не можа дапамагчы ў свет увайсці.

Дзімка, васьмікласнік. Ён з маіх сваякоў, таму назіраю за ім (хаця і здалёку) даволі працяглы час. Да дзесяці гадоў мне ўсё ў ім падабалася. Стройны, досыць правільная постаць, хуткі розум. У абаіх бацькоў вышэйшая інжынерная адукацыя, таму гены спрыяльныя да матэматыкі. А дзед і бабка ўвогуле скончылі фізмат з чырвонымі дыпломамі. У пятым класе пачаў падляноўвацца. Бацька вырашыў вызначыць зарплату за вучобу адпаведна адзнакам. Спачатку спрацоўвала, пакуль не «зарабіў» на мабільнік. Тады платай стала магчымасць «пасядзець у мабільніку». Праз скандалы і капрызы хлопец сваё адваяваў. З мабільнікам — часцей лежачы. Пад галавой скамечаная коўдра, каб вышэй была галава. У такім скручаным стане праводзіць па некалькі гадзін. Прыгожая стройная постаць ператварылася ў фігуру-пытальнік, з’явілася сутуласць. У вучобе пачаліся праблемы.

Я паказваю яму прыём знаходжання кораняў квадратнага ўраўнення без вылічэння дыскрымінанта. Яму падабаецца. Невялікая трэніроўка — здаецца, засвоіў. Назаўтра ўжо не помніць. «Давай пагуляем, — прапаную я. — Гульня просценькая, называецца «нім». Вось кучка з дзесяці гузікаў. За адзін ход можна ўзяць з кучкі адзін, два або тры гузікі. Выйграе той, хто забярэ апошні(я) гузік(і)». У гэтай гульні разумны гулец можа хутка знайсці выйгрышную стратэгію. «Хто пачне?» — пытаюся. — «Пачынайце вы». Я пачынаю і хутка выйграю. «Давай па новай. Хто пачне?» Пачынае ён і хутка прайграе. Мы згулялі разоў пятнаццаць, і ўсе скончыліся яго паразай. Ён так і не зразумеў, як у гэтай гульні выйграваць.

У інтэрнэце ў яго ёсць кампанія, якая засяроджана на нейкай калектыўнай гульні. Ён там часта выйграе (калі верыць яму). Але што гэта за гульня, якая не развівае мазгі, не скіроўвае тыя мазгі на пошук і знаходжанне выйгрышнай стратэгіі ў любой сітуацыі? «Ты бачыў калі-небудзь, напрыклад, па тэлебачанні, як паводзяць сябе малыя дзеткі розных жывёл? Яны гуляюць, бораюцца, бегаюць, кувыркаюцца. Гэта не проста забава. Так яны вучацца неабходным у далейшым жыцці навыкам. Чалавек у дзяцінстве таксама павінен гуляць у самыя розныя гульні. Асабліва ў такія, дзе патрабуецца не толькі сіла і спрыт, але і розум.

Розум таксама развіваецца ўпартымі трэніроўкамі, трэніроўкамі спачатку на гульнях. Бо дарослае жыццё — гэта таксама гульня. Вялікая гульня.

І калі ты не навучышся вышукваць і знаходзіць выйгрышныя стратэгіі, ты будзеш прайграваць. А прайграваць па жыцці — гэта балюча і крыўдна».

Не ўпэўнены, што ён мяне пачуў.

Сонечка, 8 гадоў. Пазнаёміўся з ёю і яе бацькамі на нейкім гасцяванні ў сваякоў. Першая яе просьба мяне ўразіла. «Намалюйце мне які-небудзь лабірынт, каб я разгадала». Узяў аркушык у клетку, намаляваў не вельмі складаны. Яна зірнула: «Вой, гэта зусім проста!» І адразу паказала ход праз мой лабірынт. «Намалюйце складаны». Памучыўся, намаляваў досыць складаны. Яна ўважліва разглядвала зігзагі і тупікі майго лабірынта і праз пару хвілін паказала правільны ход. Я выказаў здзіўленне, пахваліў. Яна засвяцілася. «Давай пагуляем», — прапаную. «У якую гульню?» — «Ну, напрыклад, крыжыкі-нулікі». Гульня аказалася ёй добра знаёмай, і яна рабіла правільныя хады. Тады я вырашыў паказаць ёй больш складаную гульню з крыжыкамі-нулікамі. Яна ўважліва выслухала правілы, і мы пачалі гуляць. Неспрактыкаваная ў новай гульні, яна ўсё ж рабіла хады ўдумліва, разважала пра магчымыя варыянты. Мяне гэта вельмі цешыла. Гульню мы не скончылі, нас паклікалі абедаць. «Хто цябе вучыць галаваломкам і гульням?» — «Мама».

Вось разумная мама! Яна не толькі корміць і апранае. Яна клапоціцца пра розум дзіцяці.

Наступным разам я прывёз Сонечцы некалькі дротавых галаваломак, якія яна адразу ўзялася разбіраць.

Даражэнькія мамы і таты! Калі ласка, знаходзьце ў сваіх будзённых справах паўгадзіны ў дзень, каб пагуляць з дзіцём. У што заўгодна — у карты, у шашкі (пазней у шахматы), у розныя гульні на паперы, якіх шмат.

Узяць хоць той жа нім. Просценькая і вельмі карысная для розуму гульня. І шмат часу не патрабуе. Калі дзіця зразумее, як выйграваць на дзесяці шарыках (гузіках, палачках...), павялічце кучку да 15, да 23... Пакуль чалавек не раскажа вам, як выйграваць, калі ў кучцы 257 фішак. Змяняйце правілы. Напрыклад: цяпер за адзін ход можна ўзяць ад адной да чатырох фішак (потым ад адной да шасці). Або: той, хто забярэ апошнюю, — прайграе. Зноў жа змяняючы колькасць у кучцы.

ГУЛЯЙЦЕ З ДЗЕЦЬМІ Ў РАЗУМОВЫЯ ГУЛЬНІ! Без гэтага яны застануцца такімі Сёмкамі. Праўда, і ў Сёмкі яшчэ не ўсё страчана. Клеткі кары галаўнога мозгу заканчваюць фарміравацца недзе на трынаццатым годзе жыцця. Пасля гэтага змяніць нешта ў розуме чалавека амаль немагчыма. Дзед хлопчыка паклапаціўся своечасова: у Сёмкі два гады яшчэ маюцца...

Міхась Булавіцкі, паводле www.nastaunik.info