Сяргей Скрабец: Статкевіча не вызваляць

Сяргей Скрабец — паплечнік палітвязня Мікалая Статкевіча — лічыць, што нават падчас пацяплення беларуска-еўрапейскіх стасункаў беларускія ўлады не збіраюцца выпускаць на волю “палітычных”.



statkevi_670x420.jpg

Фота govorim.by

Міколу Статкевіча чакае новы суд і, магчыма, перавод з калоніі ў турму.

Пра гэта паведаміла жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. «Адміністрацыя калоніі вырашыла, што ён настолькі «не стаў на шлях выпраўлення» і «мае намер весці злачынны лад жыцця», што яго далейшае ўтрыманне ў гэтай высокамаральнай установе немагчымае», — напісала на яна сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

— Пасля таго, як у Мінску падчас саміта пабывалі лідары Нямеччыны і Францыі, яны такім чынам развязалі беларускім уладам рукі і па сутнасці далі магчымасць праводзіць тую ўнутраную палітыку, якую хочуць,  — адзначае Сяргей Скрабец. — Гэтая палітыка вядомая, і за 20 гадоў яна не змянялася. Многія апаненты ўлады вымушаны былі з’ехаць за мяжу, некаторыя застаюцца ў турмах альбо на “беспрацоўным” становішчы, як адбываецца ў маёй сітуацыі. Тыя, хто пабываў у турмах, разумеюць, што далейшае змаганне з уладай бесперспектыўнае, і наогул сыходзяць з палітыкі. Беларускія ўлады зачысцілі палітычнае поле, а таму робяць усё, што хочуць. Тым больш, што Еўропа стала больш лаяльнай да гэтых уладаў.

— Магчыма, еўрачыноўнікі мяркуюць, што на фоне таго, што сёння робіць Пуцін, беларускія ўлады не такія ўжо і дрэнныя?

— Думаю, на сённяшні момант Еўропе падабаюцца тыя дзеянні, якія робіць Лукашэнка ў знешнепалітычным кірунку. Маўляў: тэрыторыю Беларусі ён кантралюе, а Беларусь – буфер паміж Расіяй і Еўропай. Хоць на самай справе вельмі спрэчнае пытанне, хто каго кантралюе, паколькі Беларусь па руках і нагах звязана Масквой. І ўвогуле, як мне падаецца, у доўгатэрміновай перспектыве Еўропа не разглядае нашу краіну ні як стратэгічнага партнёра, ні як раўнапраўнага палітычнага суб’екта. Адсюль і такія адносіны да сітуацыі з палітвязнямі.

— Калі зыходзіць з вашых меркаванняў, то Мікалай Статкевіч наўрад ці выйдзе на волю раней часу?

— Лічыце мяне песімістам, але ўсё ідзе да гэтага. Больш таго — яму могуць дабавіць да тэрміна зняволення яшчэ год, як гэта ўжо было з некаторымі іншымі палітвязнямі. І ўпэўнены — Еўропа гэта праглыне. Я наогул не разумею, як можна вітаць выхад на волю палітзняволенага, які адсядзеў за кратамі “ад званка да званка”. Што ў гэтай сітуацыі еўрапейцам можна “вітаць”? Умовы Еўропе сёння дыктуюць беларускія ўлады…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя