Што год наступны нам рыхтуе? Погляд гісторыка
Некаторыя грамадзяне вельмі вераць у розныя забабоны і неяк з асцярогай пазіраюць на будучы год, у якім ёсць лічба "13". Ах, гэты чортавы тузін, які нібыта няшчасці прыносіць.
Прапаную паглядзець на наступны год з нагоды памятных дат і юбілеяў. Іх у 2013 годзе, паверце, будзе дастаткова шмат.
Год паўстання
У наступным годзе мы будзем адзначаць 150 гадоў з пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага. Гэта падзея аказала вялікі ўплыў на палітычныя, культурныя і нацыянальныя працэсы, якія адбываліся ў ХІХ
стагоддзі на беларускіх землях. Нават польскія гісторыкі, па звычцы называючы падзеі 1863 года "польскім паўстаннем", падкрэсліваюць, што на землях Літвы і Беларусі гэта ўзброенае
выступленне насіла ярка выражаны беларускі характар, які выявілася ў барацьбе за сваю рэлігію — уніяцтва, сваю дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую і ў
барацьбе супраць расійскага самадзяржаўя і русіфікацыі.
Перад аўтарытэтам лідара паўстання ў Беларусі Кастуся Каліноўскага не выстаялі нават савецкія кіраўнікі, назваўшы ў яго гонар вуліцу ў беларускай сталіцы. І гэта ў часы чырвоных сцягоў і ідэалагічна
вывераных лозунгаў. Беларусы памятаюць пра Паўстанне 1863 года, і, як мне падаецца, ніякія палітычныя і ідэалагічныя змены не паўплываюць на захаванне гістарычнай памяці аб тых падзеях на тэрыторыі
літоўска-беларускага краю.
Дарэчы, нашы суседзі літоўцы ўжо абвясцілі 2013-ты — годам паўстання 1863 года. Літоўскі сейм прыняў адпаведны закон, якім падкрэсліў гістарычнае і культурнае значэнне тых падзей для
літоўцаў і іх суседзяў — беларусаў і палякаў. У законе, прынятым літоўскімі парламентарыямі, у прыватнасці, адзначаецца, што паўстанне 1863–1864 гадоў — было
нацыянальна-вызваленчым, накіраваным на вызваленне з-пад улады Расійскай імперыі. Барацьба за свабоду вялася на акупаванай Расійскай імперыяй тэрыторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага.
Беларускія парламентарыі падобнага дакумента, па зразумелых прычынах, не прымуць, але насамрэч справа не ў законах і рэзалюцыях. Усё залежыць ад нашых уласных адносін да гэтай найважнейшай ў
нацыянальнай гісторыі Беларусі падзеі.
Першая спроба стаць незалежнымі
Яшчэ адной важнай датай беларускай гісторыі ў 2013-м, стане 95-я гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 года ў будынку былога Сялянскага пазямельнага банка на вуліцы
Серпухаўской (цяпер вул. Валадарскага, 9) у Мінску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць Беларусі.
Такім чынам быў зроблены першы у ХХ стагоддзі крок да атрымання беларусамі сваёй дзяржаўнасці. Сёння можна доўга спрачацца пра тое, пры якіх умовах і знешнепалітычнай кан’юнктуры
стваралася БНР, але факт застаецца фактам: тады, у 1918 годзе, пачаў закладвацца падмурак сучаснай беларускай дзяржаўнасці, а наш народ ўпершыню ўсвядоміў сябе нацыяй у сучасным сэнсе гэтага
паняцця.
Дарэчы, у студзені таго ж 1918-га на тэрыторыі Беларусі адбылася яшчэ адна важная гістарычная падзея, якая атрымала ў савецкай гістарыяграфіі назву "мяцеж корпуса Доўбар-Мусніцкага".
На самай справе, польскія часткі ўзбунтаваліся толькі тады, калі даведаліся, што бальшавікі збіраюцца іх раззброіць. Таленавіты военачальнік, герой Першай сусветнай вайны, генерал Юзэф
Доўбар-Мусніцкі ажыццявіў захоп Бабруйскай крэпасці і ператварыў яе ў непрыступны фарпост. А ў канцы лютага польскія часткі, сумесна з беларускім пяхотным палком, выбілі бальшавікоў з Мінска.
Канчаткова польскі корпус пакінуў тэрыторыю Беларусі ў траўні 1918-га, але на тэрыторыі крэпасці на Бярэзіне засталіся магілы польскіх жаўнераў.
З часам польскі пагост ператварыўся ў звычайнае поле. А выяўленыя пры будаўніцтве лядовага палаца парэшткі вайскоўцаў у незразумелай форме спарадзілі легенды пра тое, што на тэрыторыі крэпасці
былі пахаваныя не тое кайзераўскія салдаты, не тое румыны. На самай справе, там спачывае прах польскіх воінаў.
Вялікая Айчынная, Ізраіль і свята дома Раманавых
У наступным годзе спаўняецца 70 гадоў з дня заканчэння кровапралітнай і гераічнай Сталінградскай бітвы. Не буду падрабязна спыняцца на "карэнным пераломе ў вайне" і на
"перахопе стратэгічнай ініцыятывы". Скажу толькі, што тая бітва ўсяліла ўпэўненасць у прадстаўнікоў усёй сусветнай супольнасці ў тое, што Трэці Рэйх будзе разбіты.
Дарэчы, у чэрвені 1943 года, але ўжо на тэрыторыі Беларусі, у горадзе Івянец, адбылося першае ў Еўропе ўдалае гарадское паўстанне. Тады атрады Арміі Краёвай, савецкіх партызан і мясцовыя жыхары
напалі на нямецкі гарнізон і, знішчыўшы яго, вызвалілі горад. Краязнаўцы, аматары ваеннай гісторыі, а таксама ваенна-гістарычныя рэканструктары плануюць правесці рэканструкцыю тых падзей для таго,
каб нагадаць беларускаму грамадству аб гэтым эпізодзе Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі.
З дат сусветнай гісторыі варта вылучыць 65-ю гадавіну ўтварэння Дзяржавы Ізраіль. 14 мая 1948 года была падпісана Дэкларацыя незалежнасці, і Давід Бэн-Гурыён (будучы першы прэм’ер-міністр
Ізраіля) абвясціў аб стварэнні дзяржавы. Беларусь і Ізраіль гістарычна звязвае вельмі многае. Адно тое, што значная колькасць ізраільскіх палітычных лідараў з’яўляюцца выхадцамі менавіта з
Беларусі, сведчыць шмат пра што. Ды і многія простыя грамадзяне Ізраіля, некалі ў сваіх кішэнях насілі “серпаста-малаткастыя" чырвоныя пашпарты, у якіх у графе месца нараджэння
значылася БССР.
У 2013-м мы адзначым 1150 гадоў узнікнення славянскага пісьменства, а ў Расіі ўспомняць пра царскую дынастыю Раманавых, якім ужо “стукнула" 400 гадоў. Нагадаю, 11 чэрвеня 1613 года
па рашэнні Земскага сабора на рускі прастол узышоў Міхаіл Фёдаравіч Раманаў, паклаўшы пачатак царскай дынастыі.
Вось такім насычаным рознымі памятнымі і гістарычнымі датамі атрымаецца наступны 2013 год. Калі нешта забыў, то не судзіце строга. Бо ў нас наперадзе цэлы год, каб успомніць усе вехі беларускага і
сусветнага гістарычнага мінулага і адзначыць іх належным чынам.