«Схаваліся пад плінтусам, але мы іх дастанем». Як становяцца «ўнутранымі эмігрантамі»

Яны не ўцяклі за мяжу, але ня хочуць удзельнічаць у хлусьні і крывадушнасьці, якія пануюць у палітычным і грамадзкім жыцьці сёньняшняй Беларусі. Чым мацней сьціскаюцца абцугі палітычных рэпрэсій, тым часьцей можна пачуць ад сяброў і знаёмых амаль забыты з позьнесавецкіх часоў выраз: «унутраная эміграцыя», піша на "Свабодзе" Віктар Багдзевіч.

img_3052_logo.jpg__1_.webp


У сёньняшняй Беларусі зьнікла нават тая нязначная ступень свабоды, якая існавала ў краіне да 2020 году. Новая рэальнасьць, якая паўстала перад беларусамі, палохае сваёй няпэўнасьцю, непрадказальнасью і мноствам пагрозаў.

Сотні тысяч падаліся ў эміграцыю, але большасьць засталася. Тыя некалькі мільёнаў, якіх зусім ня вабіць пэрспэктыва жыцьця ў дыктатуры, усе як адзін зьехаць ня могуць. Кагосьці чужына палохае больш, чым несвабода дома; некага трымаюць старыя нямоглыя бацькі, якія маюць патрэбу ў доглядзе і апецы; шмат каму проста няма на што выяжджаць і пачынаць жыцьцё на новым незнаёмым месцы.

Глядзіце таксама

Качагары і вартаўнікі з унівэрсытэцкімі дыплёмамі

У брэжнеўскім СССР гэта было зусім рэальна — калі ня цалкам, то ў вельмі значнай ступені адчуваць сябе незалежным ад афіцыйнай ідэалёгіі, ад крывадушных палітычных практык. Так, публічна выказваць пратэст ці нязгоду супраць афіцыйнага курсу было немагчыма: усемагутны КДБ сачыў за гэтым пільна. Выхад на плошчу з антысавецкім плякацікам мог каштаваць у лепшым выпадку прымусовага зьмяшчэньня ў «псыхушку», у горшым — некалькіх гадоў мардоўскіх лягераў.

Антысавецкая дэманстрацыя ў Маскве, 20 студзеня 1991

Антысавецкая дэманстрацыя ў Маскве, 20 студзеня 1991

Але мноства людзей знаходзілі магчымасьць і спосаб «трымаць дулю ў кішэні»: не хадзіць на псэўдавыбары, ня ўдзельнічаць у афіцыйных першамайскіх ці лістападаўскіх дэманстрацыях, ігнараваць грамадзкія сходы, на якіх трэба было «аднадушна падтрымліваць палітыку партыі», «аднагалосна асуджаць адшчапенцаў-антысаветчыкаў» ці ставіць подпісы пад калектыўнымі лістамі-зваротамі. Уласна, ад якога-небудзь калгасьніка, лесьніка, сьлесара ці бэтоншчыка такой дэманстрацыі ляяльнасьці савецкая ўлада ў той час і не патрабавала.

Цяжэй было тым, хто прэтэндаваў на нейкую службовую кар’еру, рух па ерархічнай лесьвіцы — не абавязкова партыйнай ці камсамольскай, а нават і зусім натуральны рост у прафэсіі. Стаць майстрам, начальнікам участка ці цэха на прадпрыемстве, ня маючы ў кішэні партбілета і ня ўдзельнічаючы ў «партыйным і грамадзкім жыцьці», было практычна нерэальна. Хоць у часы позьняга Брэжнева нават партыйныя ды грамадзкія актывісты ў прыватных размовах дазвалялі сабе, ня надта хаваючыся, даволі рэзкія выпады ў адрас кампартыйнага рэжыму і ягоных рэалій. Зусім ня рэдкая для таго часу карціна: пасьля сходу (бывала, нават пасьля сходу партыйнага) сабраўшыся ў курылцы, разам рагаталі і з таго сходу, і зь якога-небудзь палітычнага анэкдота, за які пры Сталіне можна было трапіць на сібірскі лесапавал.

_000012__logo.jpg.webp

Але былі і іншыя выпадкі, калі людзі прынцыпова не хацелі ўдзельнічаць у крывадушных савецкіх імітацыях, працэдурах і цырымоніях. І сыходзілі ва ўнутраную эміграцыю, якая ў 70-я гады стала дастаткова масавай зьявай. Нярэдка сярод дворнікаў, вартаўнікоў, качагараў можна было сустрэць людзей з вышэйшай адукацыяй, інтэлігентаў, інтэлектуалаў, якія такім шляхам зводзілі да мінімуму свае кантакты з савецкай дзяржавай і яе грэблівым стаўленьнем да правоў асобы.


Размытыя «чырвоныя лініі»

Росквіт «унутранай эміграцыі» — гэта параўнальна вэгетарыянскі аўтарытарызм эпохі брэжнеўскага СССР. Нейкі час лукашэнкаўская Беларусь адносна пасьпяхова існавала ў чымсьці падобным. Аднак пасьля 2020 году ўсё зьмянілася і працягвае зьмяняцца. Адбываецца імклівае апусканьне ўсё глыбей у савецкую рэчаіснасьць першай паловы мінулага стагодзьдзя, у гады жорсткага сталінскага таталітарызму. Прычым для многіх не зусім зразумела, у якой канкрэтна стадыі гэтага таталітарызму грамадзтва і дзяржава апынуліся: як зьмяніліся правілы існаваньня для звыклага грамадзяніна, дзе тыя новыя абмежавальнікі, пераход за якія для асобы сьмяротна небясьпечны? Хто гэтага ня ўбачыў, не зразумеў, не зарыентаваўся, вымушаны плаціць вельмі жорстка. Прычым часта гэта зусім не зацятыя праціўнікі рэжыму ці вэтэраны апазыцыйнага руху, а выпадковыя ахвяры. Дастаткова перагледзець хроніку палітычных рэпрэсій апошніх дзён ці тыдняў. Што становіцца падставай для арыштаў і шматгадовых турэмных тэрмінаў?

  • «Зьневажальнае выказваньне ў адрас Лукашэнкі ў тэлеграм-канале»,
  • «падпіска на шэраг дэструктыўных тэлеграм-каналаў»,
  • «ахвяраваньне 20 даляраў на падтрымку палітзьняволеных».

Многія людзі, да якіх на гэтай падставе прыходзяць з ператрусамі і арыштамі, спачатку нават ня могуць паверыць, што гэта не памылка, што за такое цяпер сапраўды саджаюць. Бо яшчэ ж ня так даўно падобнае калі і было чымсьці забароненым, то не лічылася крымінальным злачынствам, за гэта ня кідалі ў турму. І на прыкладзе такіх ахвяраў — прастадушных, няўважлівых і крыху наіўных — найбольш выразна відаць несправядлівасьць і брутальнасьць усёй гэтай сыстэмы гвалту над асобай, якая ў тэрміновым парадку створана і працягвае ўдасканальвацца ў сёньняшняй Беларусі.

Глядзіце таксама

Часам нават дзіўна: чаму б стваральнікам гэтай новай рэальнасьці загадзя было не патлумачыць такім людзям (яўна не рэвалюцыянэрам і не прынцыповым ворагам рэжыму, а проста ня надта адукаваным і ня надта асьцярожным абываталям) простай і зразумелай мовай новыя правілы існаваньня ў фактычна новай дзяржаве: расьпісаць па пунктах — вось за гэта да 2020 году не каралі альбо каралі штрафам, а цяпер такое — дзяржаўнае злачынства і караецца 10 гадамі турмы.

Але рэжым не абцяжарвае сябе прэвэнтыўнымі тлумачэньнямі і папярэджаньнямі. Для яго куды прасьцей запалохаць канкрэтнымі рэпрэсіямі, катаваньнямі, прыніжэньнямі. Прычым тое, што пад каток часта трапляюць зусім выпадковыя людзі, нікога асабліва не турбуе. А зусім магчыма, што так робіцца і сьвядома, мэтанакіравана: бо чым больш абсурднае і цяжкавытлумачальнае пакараньне, чым больш выпадковая ахвяра, тым болей страху ў грамадзтве (а значыць, і паслухмянасьці).

Зрэшты, менавіта такі мультыплікатыўны і на першы погляд выйгрышны для рэжыму эфэкт у доўгатэрміновай пэрспэктыве зусім не відавочны. Цяжка ўявіць, што чалавек, які выпадкова трапіў пад каток рэпрэсій, перацярпеў столькі зьняваг і прыніжэньняў, потым выйдзе з засьценкаў паслухмяным і пакорным прыхільнікам дыктатуры. Калі ня ўцёкі з краіны, то ўнутраная эміграцыя для такіх людзей — зусім натуральны далейшы жыцьцёвы шлях.

Той, каго «абудзілі дзекабрысты»

Адным з найбольш вядомых расейскіх палітэмігрантаў ХІХ стагодзьдзя быў пісьменьнік і рэвалюцыянэр Аляксандар Герцэн. Эпоха Мікалая І, у якую яму давялося жыць, у чымсьці нагадвае цяперашнія жорсткія рэжымы Пуціна і Лукашэнкі зь іхнай нецярпімасьцю да свабоды і жорсткім перасьледам любога вальнадумства.

Ніякім зацятым рэвалюцыянэрам у маладыя гады Аляксандар Герцэн, сын заможных пасьпяховых бацькоў, ня быў. Студэнцкі гурток, які ён стварыў разам зь сябрамі-студэнтамі падчас навучаньня ў Маскоўскім унівэрсытэце, нічым надта рэвалюцыйным не займаўся: моладзь чытала філязофскія трактаты, вывучала айчынную гісторыю, дзялілася забароненымі вершамі, якія хадзілі па руках у рукапісах. У 1833 годзе ўдзельнікі гуртка арганізавалі збор грошай на дапамогу студэнтам, аддадзеным у салдаты за вальнадумства. А ў 1835-м Герцэна і іншых удзельнікаў гуртка, за якімі даўно сачылі, арыштавалі на падставе хлусьлівых абвінавачаньняў у «сьпяваньні пасквільных песень, якія ганьбяць імпэратарскую сям’ю».

Аляксандар Герцэн

Аляксандар Герцэн

І хоць пазьней абвінавачаньне было прызнана фальшывым, Аляксандар Герцэн трапіў у ссылку. Потым уцёк з Расеі і стаў адным з самых зацятых ворагаў царскага рэжыму, ідэолягам рэвалюцыйнага руху, выдаўцом і рэдактарам забароненай у Расеі газэты «Колокол».

Герцэн так даўся ў знакі царскаму рэжыму, што ў 1849 годзе Мікалай І, ня маючы магчымасьці арыштаваць бунтаўшчыка, распарадзіўся арыштаваць усю яго і ягонай маці маёмасьць (як тут не згадаць цяперашнія мэтады помсты Лукашэнкі сваім палітычным ворагам, якія пасьпелі ўцячы за мяжу).

У СССР кожны савецкі школьнік і студэнт ведаў імя Герцэна па цытаце з артыкула Леніна — пра тое, з чаго ў Расеі пачынаўся рэвалюцыйны рух:

«Спачатку — дваране і памешчыкі, дзекабрысты і Герцэн. Вузкае кола гэтых рэвалюцыянэраў. Страшна далёкія яны ад народу. Дзекабрысты разбудзілі Герцэна, Герцэн разгарнуў рэвалюцыйную агітацыю».

Дарэчы, менавіта Герцэн адным з першых у Расейскай імпэрыі ў сваёй кнізе мэмуараў «З таго берага» (1851) разважаў пра ідэю «унутранага ад’езду» як альтэрнатыву палітычнай эміграцыі для тых вальнадумных суграмадзянаў, якія з розных прычынаў не маглі выехаць за мяжу:

«Думка засяродзіцца ў сабе, адарваць пупавіну, якая зьвязвае нас з радзімай, з сучаснасьцю... зьяўляецца ў людзей пасьля кожнай няўдачы, пасьля кожнай страчанай веры».

Хто ведае — можа, калі б не несправядлівыя арышт і ссылка ў юнацтве, і не было б потым у царызму аднаго з самых апантаных і небясьпечных ворагаў, якога «абудзілі дзекабрысты» і які сам потым сваім «Колоколом» падняў на змаганьне з самадзяржаўем цэлыя пакаленьні расейскіх рэвалюцыянэраў.

І тое, якімі вернуцца з лукашэнкаўскіх турмаў (зь якімі настроямі, памкненьнямі, жыцьцёвымі мэтамі) нявінныя палітычныя ахвяры, кінутыя туды за падабайкі, песьні і шкарпэткі «не таго» колеру, вялікае пытаньне. Найперш — для самога Лукашэнкі і будучыні створанага ім рэжыму.

«Пашлякі і падонкі літаратуры»

Ці можна лічыць, што сёньняшняя Беларусь ужо апусьцілася да рысы таталітарнай дзяржавы? Няма дакладна вызначанай мяжы: маўляў, вось тут яшчэ аўтарытарызм і чалавек пакуль можа параўнальна свабодна адчуваць сябе хаця б у сваім прыватным жыцьці (чытаць што хочацца і не асабліва хаваючыся, не пагаджацца з палітыкай кіроўнага рэжыму), а вось тут ужо таталітарызм і грамадзянін абавязаны публічна славіць правадыра і кіроўны рэжым, іначай яго чакаюць рэпрэсіі. Звычайна адной з ключавых прыкметаў таталітарызму называюць наяўнасьць ідэалёгіі. І на той падставе, што ў сёньняшняй Беларусі яе нібыта няма, некаторыя сьцьвярджаюць, што Лукашэнка да таталітарызму яшчэ не апусьціўся. Але і паняцьце ідэалёгіі досыць умоўнае. У сталінскім СССР грамадзянін абавязаны быў верыць у бязгрэшнасьць кампартыі, а ў сёньняшняй Беларусі — у безальтэрнатыўнасьць Лукашэнкі. І ў чым тут прынцыповая розьніца?

Наколькі магчымы сыход ва «ўнутраную эміграцыю» ў сёньняшняй Беларусі? Відавочна, як і ў сталінскім СССР, гэта спалучаецца з падобнымі ж асьцярогамі, страхамі і рызыкамі. Асабліва для знакавых асобаў, для дзеячаў культуры, літаратуры, мастацтва. Прычым пры Сталіну ўсё ж гэтыя рамкі дазволенага і забароненага былі акрэсьлены больш дакладна і зразумела. Асабліва для людзей творчых прафэсій. На прыкладзе Барыса Пастэрнака, Міхаіла Булгакава, Сяргея Даўлатава, Ёсіфа Бродзкага партыя паказвала савецкім дзеячам культуры, якой бывае цана за адмову аддана служыць рэжыму і спробу ўсядзець на двух крэслах альбо падацца ва ўнутраную эміграцыю.

Анна Ахматава і Барыс Пастэрнак, 1946

Анна Ахматава і Барыс Пастэрнак, 1946

Адметная ў гэтым сэнсе гісторыя цкаваньня выдатнай расейскай паэткі Анны Ахматавай і пісьменьніка-сатырыка Міхаіла Зошчанкі, на прыкладзе якіх у 1946 годзе сталінскі рэжым ясна даў зразумець, наколькі марныя надзеі тых, хто разьлічвае на лібэралізацыю. Размова пра сумнавядомую пастанову аргбюро ЦК ВКП(б) «Аб часопісах «Звезда» і «Ленінград». Тады, у 1946-м, некаторым здалося, што ў краіне дыхнула паветрам свабоды, што пасьля цяжкой і страшнай вайны жорсткі сталінскі рэжым, магчыма, дасьць палёгку. Вось як апісваў тыя чаканьні Канстанцін Сіманаў у сваіх успамінах «Вачыма чалавека майго пакаленьня»:

«Як я памятаю, і ў канцы вайны, і адразу пасьля яе, і ў сорак шостым годзе даволі шырокім колам інтэлігенцыі, ва ўсялякім разе мастацкай інтэлігенцыі, якую я ведаў бліжэй, здавалася, што павінна адбыцца нешта, што рухае нас у бок лібэралізацыі... паслабленьня, большай прастаты і лёгкасьці зносін з інтэлігенцыяй... Мабыць, Сталін, які меў дастатковую і прытым прысыланую з розных кірункаў і правераную інфармацыю, адчуў у паветры нешта такое, што запатрабавала, на яго думку, неадкладнага закручваньня гаек і спыненьня беспадстаўных спадзяваньняў на будучыню».

У пастанове аргбюро Міхаіл Зошчанка быў названы «пашляком і падонкам літаратуры», а Анна Ахматава — «тыповай прадстаўніцай чужой для нашага народа безыдэйнай паэзіі». Абое як чужыя для савецкай літаратуры асобы неўзабаве былі выключаныя з Саюзу пісьменьнікаў, у абаіх адабралі права на атрыманьне працоўных харчовых картак. Абаіх перасталі публікаваць. Многія знаёмыя і сябры, спалохаўшыся, сталі іх пазьбягаць, разарвалі ўсе кантакты. Чакалі, што неўзабаве абаіх арыштуюць...

Міхаіл Зошчанка, 1957

Міхаіл Зошчанка, 1957

Тым ня менш скончылася ўсё тады для апальных творцаў ня так ужо драматычна. Харчовыя карткі празь некалькі тыдняў вярнулі (прычым па распараджэньні «з самага верху», магчыма нават ад Сталіна). Ахматаву аднавілі ў СП яшчэ пры жыцьці Сталіна, у 1951 годзе (Зошчанку крыху пазьней). Цалкам сваімі для камуністычнага рэжыму яны так і ня сталі, але хоць і скрозь зубы, зь недаверам і падазронасьцю, савецкія бонзы прызнавалі іхны талент і пакідалі нейкую мінімальную прастору для творчасьці і існаваньня ў краіне. І гэта ва ўмовах жорсткага сталінскага таталітарызму.

А цяпер параўнайма, што адбываецца сёньня са знакавымі асобамі беларускай і расейскай літаратуры, якія не падтрымалі вайны і палітыкі Лукашэнкі і Пуціна. Сьвятлана Алексіевіч, Барыс Акунін, Дзьмітрый Быкаў... Іхныя кнігі выкідваюць з выдавецтваў і кнігарняў, іх саміх абвяшчаюць экстрэмістамі і тэрарыстамі, заводзяць крымінальныя справы. Ад зусім магчымых арыштаў іх выратавала, відавочна, толькі тое, што пасьпелі ўцячы за мяжу. Іхныя калегі-пісьменьнікі, якія застаюцца ў краіне, вымушаныя альбо маўчаць, альбо, калі хочуць друкавацца, у той ці іншай форме падтрымліваць рэжым. І ніякіх табе выхаваўча-папераджальных «пастаноў палітбюро». Замест выхаваньня і застрашваньня — куды больш брутальны, жорсткі і няхітры мэтад: адразу абухом па галаве.

«Пад плінтусам»

Для тых, хто ў сёньняшняй Беларусі спрабуе падацца ва ўнутраную эміграцыю, у Лукашэнкі знайшоўся просты і ёмісты вобраз: «схаваліся пад плінтусам». І наконт стаўленьня да іх ён даў падначаленым даволі пэўныя дырэктывы яшчэ 9 жніўня 2021 году:

«Так, я разумею, што пад плінтусам некаторыя сядзяць. Да гэтага часу. Але мы іх дастанем. Я шчыра і адкрыта сказаў: ніхто са здраднікаў у дзяржаўнай структуры працаваць ня будзе».

Пагрозы выконваюцца дагэтуль, мэтадычна і пасьлядоўна. Вось і за некалькі дзён да новага 2024 году на многія дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы з КДБ прыйшлі новыя сьпісы на рэпрэсіі. Ад кіраўніцтва арганізацый патрабуюць звальняць людзей на падставе ўдзелу ў акцыях пратэсту, данатаў, камэнтароў ды іншых формаў выказваньня нязгоды з лукашэнкаўскай уладай ці салідарнасьці з дэмакратычным рухам. І ці магчымая ў такіх умовах «унутраная эміграцыя»?