Севярын Квяткоўскі: Калі ведаеш англійскую мову, то Лукашэнка зусім не патрэбны

У Беларусі палітычна нелаяльным, нават калі яны суперздольныя да навук, адзін шлях — шыць спецвопратку на рабочай зоне лагера для перавыхавання, разважае пісьменнік Севярын Квятоўскі на «Рацыі».

marsz_adzinstva_6__36__logo__1__1_logo.jpg

Чаму рэжым адразае людзей ад англійскай мовы? 

Смех-смехам, але калі цяперашняя версія лукашэнкаўскага рэжыму праіснуе адносна доўга, можа ўзнікнуць сітуацыя, калі рэпетытар па англійскай мове аўтаматычна можа стаць «здраднікам радзімы». Рэжым Лукашэнкі рукамі пракуратуры абмяжоўвае вывучэнне англійскай мовы. Маўляў, не варта гадаваць агентаў заходняга ўплыву.

Рэжыму патрэбны спецыялісты па пашыве ўніформы, а не вось гэта ўсё, што дае выхад на вольны інфармацыйны свет.

Колькі тысяч чалавек прайшлі праз лукашэнкаўскія прамысловыя зоны за кратамі? Тых чалавек, якія маюць вышэйшую адукацыю і адпаведныя прафесіі? Калі-небудзь гісторыкі падлічаць.

Але факт у тым, што Лукашэнка, можа быць, інтуітыўна, а можа, асэнсавана, адразаў грамадзян Беларусі ад адукаванасці.

Барацьба з англійскай мовай пачалася не сёння.

Лукашэнка не толькі помсціць адукаваным за 2020-ты год. Ён разумее, што кіраваць прасцей яшчэ больш неадукаванымі. Пазіцыя «я дырэктар саўгаса, а вы — мае неадукаваныя рабы» для яго зразумелая.

Кожны адэкватны беларус ганарыцца тым, што наша краіна, прынамсі, да 2020 года, была пятай ІТ-краінай.

За мяжой забаўна назіраць, калі пра Беларусь пачынаюць згадваць старымі стэрэатыпамі кшталту «бульба», «трактар», «чысціня». А ты такі: «І пятая ў свеце ІТ-краіна. А чацвёртая — мільярдная Індыя».

Адукаванасць і вывела беларусаў на Маршы ў 2020 годзе. Адукаванасць — незалежнасць ад дзяржавы. Ты сам сабе знаходзіш даход. Лукашэнка не патрэбны. А калі ведаеш англійскую мову, то Лукашэнка зусім не патрэбны.

Сядзіш сабе на Балі з ноўтбукам, а калі хочаш, можаш вярнуцца ў Беларусь, абняць сваякоў і сяброў.

Спачатку неабходнасць мяняць пашпарт толькі ў Беларусі, цяпер абмежаванне вывучэння англійскай мовы.

Глядзіце таксама

Пры гэтым Лукашэнка ганарыцца тым, што ягоны сын Коля ведае і англійскую, і кітайскую.

Такім чынам, мы бачым чарговую прыкмету збудавання каставасці. 

У касту жрацоў, то-бок далучаных да ведаў, могуць трапіць толькі адданыя ўладзе. Значыць Лукашэнку. А нелаяльным, нават калі яны суперздольныя да навук, адзін шлях — шыць спецвопратку на рабочай зоне лагера для перавыхавання.

Лукашэнка спрабуе зрабіць з краіны такі лагер. Але вось жа незадача — змянілася генерацыя. І тыя, хто заганяе людзей у лагер, на парадак ніжэй развітыя, чым большасць, якую заклікалі знізіць да інтэлектуальнага ўзроўню дыктатара.

Патрэбны дзесяцігоддзі адмоўнай селекцыі, каб амаль дзесяць мільёнаў насельніцтва перарабіць на падабенства маўклівай хатняй жывёлы.

Няма ў лукашыстаў ні часу, ні магчымасцей на ўчыненне такога масавага злачынства.

Глядзіце таксама

Севярын Квяткоўскі, «Беларускае Радыё Рацыя»