Салаўёва сустрэлі воклічамі «Чамадан—Вакзал—Расея!»
На прыступках Палаца Рэспублікі, дзе меў выступаць расійскі тэлевядучы, утварылася штурханіна, у актывістаў вырывалі сцягі і плакаты.
Ініцыятарам акцыі супраць выступу Уладзіміра Салаўёва на мінскай сцэне выступіў “Малады Фронт”. За гадзіну да пачатку сустрэчы, прымеркаванай на 19.00 на Кастрычніцкай плошчы ля прыступак Палацу Рэспублікі, пачалі збірацца пратэстоўцы ды журналісты.
Пасля з’яўлення Змітра Дашкевіча людзі разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі ды дасталі плакаты. На адным узгадвалася расійска-грузінскай вайна, на іншым Салаўёў параўноўваўся з Юліўсам Штрайхерам — нацысцкім прапагандыстам, асуджаным і павешаным пасля паразы ІІІ Рэйху ў вайне. Над натоўпам гучалі воклічы: “Расея — гэта вайна!” ды “Чамадан–Вакзал—Расія!”
Людзі ў цывільным, якіх ля палацу сабралася некалькі дзясяткаў, у пэўны момант выціснулі пратэстоўцаў з прыступак, утварылася штурханіна. Пратэст разбіўся на некалькі купак людзей: нехта выкрыкваў лозунгі, нехта раздаваў падрыхтаваныя Дашкевічам дыскі з запісаным фільмам пра сапраўднае аблічча Салаўёва.
Час-почас сілавікі ў цывільным накідваліся на пратэстоўцаў, вырывалі плакаты ды сцягі, але са з’яўленнем у кропцы журналістаў адыходзілі ў бок на дзесятак метраў.
Урэшце, за паўгадзіны да пачатку “творчай сустрэчы” Салаўёў выйшаў да пратэстуючых, але так і не дайшоў да людзей з плакатамі, бо быў узяты ў кальцо журналістаў ды сілавікоў. Назваўшы пратэстоўцаў праплачанымі заходнімі агентамі, тэлевядучы зноў схаваўся за дзвярыма Палацу. Гэтым часам невядомая жанчына побач істэрычна крычала: “Расія!” ды пляскала ў далоні.
Акцыя скончылася а 19-й гадзіне, Дашкевіч падзякаваў удзельнікам ды журналістам і заклікаў разыходзіцца.