«Саюзная рашучасць» на палігонах Беларусі і на мяжы з Украінай
Што кажуць пра беларуска-расійскія вучэнні «Саюзная рашучасць» жыхары рэгіёнаў, суседніх з вайсковымі палігонамі, і ці вераць таму, што ваенныя з РФ застануцца ў Беларусі — у DW.
Сумесныя вучэнні «Саюзная рашучасць-2022» праходзяць на шэрагу беларускіх палігонаў з 10 па 20 лютага. Аднак эшалоны з вайсковай тэхнікай з Расіі сталі прыбываць у Беларусь задоўга да гэтага, і цяпер у некаторых назіральнікаў з'явіліся сумневы, што ўся гэтая тэхніка пасля вучэнняў будзе вернутая ў месцы пастаяннай дыслакацыі.
Дзе праводзяцца вучэнні і які ў іх план?
Паводле афіцыйнай інфармацыі, пра правядзенне пазапланавых вучэнняў Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся восенню 2021 года. У канцы лістапада мінулага пра тое, што яны адбудуцца, упершыню абвясціў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.
Пазней з'явіліся паведамленні абаронных ведамстваў Расіі і Беларусі, з якіх вынікала, што ў планах манеўраў, сярод іншага, значыцца ўзмацненне беларускай дзяржмяжы на напрамках «магчымага пранікнення груп баевікоў, зброі і рыштунку для іх». Акрамя таго, задзейнічаныя ваенныя групоўкі збіраюцца адпрацаваць «пошук і знішчэнне дыверсантаў і незаконных узброеных фарміраванняў».
Што тычыцца тэрыторый, дзе праводзяцца вучэнні, то ў першапачатковым варыянце згадваліся палігоны і вайсковыя аэрадромы, размешчаныя пераважна ў заходняй частцы Беларусі.
Палігон пашырылі і хадзіць у лес забаранілі
Адным з такіх палігонаў аказаўся «Брэсцкі», які звычайна выкарыстоўваецца мясцовай дэсантна-штурмавой брыгадай. Менавіта тут на мінулым тыдні, паводле сцэнара вучэнняў, дэсантнікі выявілі «незаконнае ўзброенае фарміраванне» і знішчылі яго, выкарыстоўваючы мінамёты, гранатамёты і бронетранспарцёры.
Як распавядае жыхар Брэста Яўген, чый дачны ўчастак знаходзіцца зусім побач з палігонам, яшчэ пару гадоў таму такое суседства ніколькі не бянтэжыла дачнікаў і жыхароў навакольных вёсак. «Каля палігона вялікі лясны масіў, дзе заўсёды было шмат грыбоў, што прыцягвала многіх людзей, — дзеліцца Яўген. — Але за апошнія гады палігон прыкметна пашырылі, вучэнні сталі праводзіцца вельмі часта, а хадзіць у лес фактычна забаранілі».
Гэты факт, паводле слоў Яўгена, моцна засмучае мясцовых жыхароў. Яны неаднаразова звярталіся да ўладаў з просьбай вярнуць магчымасць хадзіць у лес, аднак выніку не дамагліся. Больш за тое, на дарозе каля палігона цяпер часта мае месца кантроль грамадзянскага транспарту. Правяраюць машыны самі вайскоўцы, тлумачачы гэта неабходнасцю падтрымліваць бяспеку з-за «сітуацыі, якая склалася».
Каля мяжы з Украінай будуць страляць
Больш сур'ёзныя меры прымаюцца ў рэгіёнах Беларусі, якія мяжуюць з Украінай. Так, улады Столінскага раёна Брэсцкай вобласці папярэдзілі жыхароў двух дзясяткаў вёсак, што з 14 па 16 лютага размешчаны па суседстве былы авіяпалігон стане забароненай зонай, а з'яўленне старонніх людзей каля яго небяспечна для жыцця. Гэты палігон выкарыстоўваўся ў перыяд СССР, але пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці быў зачынены і нават часткова ўвайшоў у склад ландшафтнага заказніка «Альманскія балоты».
«Цяпер па хатах ходзяць супрацоўнікі міліцыі і папярэджваюць, каб ні ў якім разе не хадзілі нарыхтоўваць дровы і не збіралі металалом, таму што могуць трапіцца неразарваныя снарады пасля стрэльбаў», — распавёў жыхар вёскі Хатомель, што недалёка ад былога палігона.
Пры гэтым сам экс-палігон у Столінскім раёне не значыўся ў афіцыйным спісе месцаў, дзе праходзяць вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022». І такіх месцаў цяпер у Беларусі нямала: да прыкладу, ваенную тэхніку і салдат расійскай арміі размясцілі каля горада Рэчыца Гомельскай вобласці — у некалькіх сотнях кіламетраў ад мяжы з Украінай. Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, расійскія вайскоўцы не толькі разгружалі ўзбраенне з чыгуначных платформ, але і занялі для сваіх патрэб як мінімум два закінутыя заводы.
Напярэдадні вучэнняў факт знаходжання войскаў з Расіі каля Рэчыцы хаваць перасталі. Мясцовыя ўлады нават арганізавалі патрыятычнае мерапрыемства пад назвай «Дзве дзяржавы — адзін народ, адна гісторыя», на якое прывозілі школьнікаў і запрашалі жыхароў раёна.
Ці застануцца расійскія войскі пасля вучэнняў?
Прысутнасць расійскіх вайскоўцаў заўважная цяпер у многіх гарадах Беларусі, пры гэтым іх дакладная колькасць невядомая. З паведамлення Міністэрства абароны РФ вынікае ,што «колькасць удзельнікаў вучэнняў, а таксама колькасць асноўных сістэм узбраення, якія трапляюць пад дзеянне Венскага дакумента 2011 года, не перавышаюць адпаведныя ім параметры, якія падлягаюць паведамленню». У жыхароў Беларусі ёсць сумневы, што пасля заканчэння вучэнняў увесь воінскі кантынгент з Расіі пакіне Беларусь. Гэта можа стаць дадатковым фактарам напружанасці ў рэгіёне — з улікам сітуацыі вакол Украіны.
На ўмовах ананімнасці маёр адной з беларускіх вайсковых частак, раней задзейнічаных у сумесных вучэннях, распавёў, што пакуль не бачыць прычын, па якіх расійскія вайскоўцы застануцца ў Беларусі. «Можна чакаць, што для вяртання ў месцы сваёй дыслакацыі ім спатрэбіцца больш часу і да канца лютага некаторыя падраздзяленні з Расіі яшчэ будуць знаходзіцца ў нас у краіне, але наўрад ці гаворка ідзе пра тое, што яны будуць у Беларусі пастаянна», — адзначыў суразмоўца DW.
Раней паведамлялася, што для ўдзелу ў вучэннях у Беларусь перакінутыя войскі з Усходняй вайсковай акругі РФ. Прычым упершыню на палігоне «Брэсцкі» з'явіліся расійскія ЗРК С-400 «Трыумф», якія прыбылі з Далёкага Усходу.
Пераклад «НЧ».