«Cтраляць будуць з кожнага акна». Беларускі спартсмен і музыка Віталь Гуркоў запісаў зварот пра гатоўнасць абараняць Украіну
Шматразовы чэмпіён свету па муай-тай, заслужаны майстар спорту, удзельнік рок-гурта «Brutto» Віталь Гуркоў запісаў відэазварот да грамадства ў сувязі з пагрозай вайны.
«Дзеючы ў Беларусі палітычны рэжым у дадатак да ўсяго можа развязаць вайну з Украінай, бо для яго гэта стратэгічны шанец даўжэй утрымліваць уладу, — кажа Гуркоў на відэа. — Палітычныя тыраны, для якіх чалавечае жыццё нічога не вартае, гатовыя кінуць пад кулі і расіян, і маладых беларускіх хлопцаў. Пры гэтым дзяцей прадстаўнікоў палітычных эліт з Расіі і Беларусі вы на фронце ня ўбачыце, яны будуць грэць пуза ў Лонданах і Дубаях. Гінуць будзеце вы — простыя салдаты».
«Я звяртаюся да ўсіх, каго сёння ў Расіі і Беларусі рыхтуюць да вайны ва Украіне. Ведаю характар і баявы дух украінскага народа, страляць будуць з кожнага акна. І прагназую, што хутчэй за ўсё многія акупанты здабудуць на ўкраінскай зямлі свой апошні прыстанак, а не ўзнагароды і трафеі», — перасцерагае Гуркоў.
«У выпадку вайны я і многія іншыя беларусы гатовыя абараняць суверэнітэт і свабоду Украіны, бо ад Украіны ў тым ліку залежыць свабода Беларусі. А Беларусь будзе вольнай, гэта ёй наканавана лёсам. І гэты час надыходзіць. Мы пройдзем цяжкі шлях, але абавязкова пераможам», — адзначае беларускі спартсмен.