Ryanair можа прыйсці ў Беларусь пасля дэмакратычных пераменаў
Падчас рабочага візіту ў Ірландыю Святлана Ціханоўская сустрэлася з генеральным дырэктарам Ryanair Майклам О'ліры.

Майкл О'ліры і Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Ціханоўскай
Сустрэча прайшла 14 ліпеня ў цэнтральным офісе Ryanair у Дубліне. О'ліры распавёў, што кампанія праводзіць уласнае расследаванне па факце інцыдэнту з пасадкай самалёта ў мінскім аэрапорце ў траўні і перадаў Ціханоўскай справаздачу аб выніках расследавання. Ён паведаміў, што кампанія працуе разам з ICAO, Польшчай, Літвой і Грэцыяй па зборы матэрыялаў і доказаў, піша REFORM.by.
Ціханоўская падзякавала кіраўніку Ryanair за прынцыповую пазіцыю і прапанавала падтрымаць падачу міжнароднага пазову супраць рэжыму Лукашэнкі па гэтым факце.
Бакі абмеркавалі, як інцыдэнт паўплываў на кампанію і сусветны сектар авіяперавозак, і дамовіліся рабіць усё магчымае, каб законнасць і бяспека вярнуліся як у міжнародную авіяпрастору, так і ў Беларусь, паведамляе офіс палітыка.
О'ліры пагадзіўся разгледзець прапанову Ціханоўскай аб прыходзе Ryanair у Мінск і беларускія рэгіёны пасля дэмакратычных пераменаў.