«Рэжым паслядоўна знішчае беларусаў». Ціханоўская — пра смерць палітвязня Вадзіма Храсько

Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская пракаментавала смерць у калоніі палітвязня Вадзіма Храсько.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg.webp

«Беларускіх палітзняволеных працягваюць забіваць у турмах, — напісала палітык у сваім тэлеграм-канале. — Сёння з'явілася інфармацыя, што ўслед за Вітольдам Ашуркам, Мікалаем Клімовічам і Алесем Пушкіным рэжым закатаваў Вадзіма Храсько».

Паводле слоў Ціханоўскай, для злачынцаў, што зрабілі гэта, чалавечае жыццё не мае сапраўднай вартасці.

«Зняволеным наўмысна не аказваюць медычную дапамогу, не перадаюць лекаў. Іх проста кідаюць паміраць. А з-за рэжыму інкамунікада нават нельга дазнацца пра іх рэальны стан — некаторым ужо многія месяцы не дазваляюць сустрэцца з адвакатам, весці ліставанні».

Сістэма, дадала дэмакратычная лідарка, «паслядоўна і наўмысна знішчае беларусаў». «Мы зробім усё магчымае, каб прыцягнуць да адказнасці тых, хто мае дачыненне да гэтых злачынстваў. Няма нічога больш істотнага за жыццё чалавека. І апраўдаць забойствы немагчыма», — падкрэсліла Ціханоўская.

«Я выказваю шчырыя спачуванні родным ды блізкім Вадзіма Храсько, — адзначыла яна. — І хачу нагадаць беларусам — няма розніцы, застаяцеся вы ў краіне, ці з'ехалі: дбайце пра тых, хто ў няволі. Пішыце лісты палітзняволеным, дапамагайце іх сем'ям, патрабуйце інфармацыю аб стане тых, хто знаходзіцца за кратамі. Бо сёння задача кожнага з нас — рабіць усё магчымае, каб людзі больш не гінулі ў турмах».


Глядзіце таксама

Пракаментавала трагедыю таксама прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова.

Выказаўшы спачуванні родным і блізкім Вадзіма Храсько, яна адзначыла, што з яго смерцю немагчыма змірыцца.

«Яна асабліва ўразіла мяне дзвюма акалічнасцямі,перадае словы Гарбуновай тэлеграм-канал кабінета. —

Першае. Вадзім быў асуджаны за садзейнічанне так званай «экстрэмісцкай дзейнасці». За некалькі данатаў. Ён проста хацеў пра кагосьці паклапаціцца, падтрымаў кагосьці грашыма, праявіў салідарнасць…

Другое. Ён памёр — паводле афіцыйнай версіі — ад пнеўманіі. Ад тыповага і вылечнага захворвання, нават у постпандэмійныя часы. Хоць і заўсёды ёсць магчымасць даць урачам паспрабаваць выратаваць чалавечае жыццё, гэтага не адбылося. Хутчэй за ўсё з-за таго, што Вадзім быў палітвязнем. І колькі ж яшчэ людзей, якіх змяшчаюць у ШІЗА і карцэры, не ўлічваючы стан іх здароўя…»

Без медыцынскай дапамогі, падкрэсліла прадстаўніца АПК, «без элементарных бытавых рэчаў і цяпла, без нармальнай ежы ні ў аднаго чалавека не хопіць ніякіх фізічных сіл перажыць працяглае заключэнне».

На думку Гарбуновай, у самай вялікай рызыцы знаходзяцца «людзі з гуманітарнага спісу, у якіх вялікія праблемы са здароўем, якім патрэбная дапамога ўрачоў».

«У рызыцы знаходзяцца і людзі, якія сядзяць у турмах ад самага пачатку пратэстаў. Нават калі яны патрапілі ў турму адносна здаровымі, умовы ўтрымання ўжо падарвалі іх здароўе, абвастрылі хранічныя і справакавалі новыя хваробы, — заявіла Гарбунова. —

Нам давядзецца несці новыя партрэты да пасольстваў, запальваць новыя свечкі і расказваць пра новых ахвяр рэжыму на мітынгах, канферэнцыях, падчас сустрэч з замежнымі палітыкамі. Гэта не вырашае праблему таго, што ў трэцім тысячагоддзі, у геаграфічным цэнтры Еўропы людзі працягваюць паміраць ад катаванняў. Але мы будзем працягваць шукаць шляхі вызвалення ўсіх палітзняволеных».