Крыштальны цынізм. Лукашэнка, разважаючы пра амністыю, ужо ведаў пра смерць чарговага палітвязня
Пра цынізм уладаў, якія падзялілі беларусаў на два гатункі, піша «Салідарнасць».
— Каго мы затрымліваем? Каго асуджаем? Ці адпавядаюць прызначаныя меры пакарання цяжару злачынстваў і той небяспецы, якую ўяўляюць гэтыя людзі для грамадства? — задаваў на днях пытанні сілавікам на чарговай нарадзе кіраўнік.
Крышталёвай чысціні цынізм. Да моманту нарады яго ўдзельнікі не маглі не ведаць — пра такія выпадкі ім дакладваюць — пра смерць палітвязня Вадзіма Храсько. Яго не давезлі ў бальніцу, афіцыйная версія прычыны смерці — пнеўманія.
Мужчыну судзілі за данаты. Суддзю Сяргея Хрыпача, які раздае «палітычным» сталінскія тэрміны, не спыніла наяўнасць у падсуднага шэрагу сур'ёзных захворванняў.
Ці не той выпадак, калі цяжар «злачынства» відавочна перавышае меру пакарання? Ды яшчэ і букет хвароб, мала сумяшчальных з умовамі беларускай калоніі. Не, «гэта іншае».
— Намі было прапанавана: «экстрэмісты» і «тэрарысты», якія асуджаныя і прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, — да іх амністыю не ўжываць. Нашу прапанову падтрымалі. Таму што ўсе разумеюць, што здзейснілі гэтыя людзі. І на сённяшні дзень праблема застаецца, — заявіў міліцэйскі міністр.
Пасля вынясення прысуду менавіта ведамства Кубракова ўнесла Вадзіма Храсько ў «спіс экстрэмістаў», што істотна ўскладняе і без таго няпростае жыццё палітвязняў у няволі.
Гэта ўжо чацвёртая смерць палітвязняў за кратамі. Вітольд Ашурак не скардзіўся на здароўе да таго, як трапіў у шклоўскую калонію. На апошніх прыжыццёвых відэа ён выглядаў знясіленым.
Мікалай Клімовіч папярэджваў суддзю, што не перажыве тэрмін у калоніі. У яго была інваліднасць II групы па прычыне захворвання сардэчнай сістэмы, ён перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Асудзілі Мікалая за карыкатуру на Лукашэнку. Гэта каштавала яго жыцця, суддзя Андрэй Бычыла і пракурор Ілля Гузарэвіч?
Мастака Алеся Пушкіна таксама прывезлі ў бальніцу ў неаперабельным стане. Ён адбываў тэрмін за карціну, якая ў свой час свабодна экспанавалася.
На жаль, спіс гэты адкрыты. У турмах, якія для палітвязняў стараннямі служыцеляў рэжыму ператвораныя ў катавальныя, знаходзіцца больш за тысячу чалавек. І ў многіх з іх са здароўем далёка не ўсё добра.
А пра лёсы многіх не ведаюць нават самыя блізкія. Мікалай Статкевіч, Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Максім Знак і многія іншыя, ад каго няма вестак доўгія тыдні і месяцы.
Нам жа застаецца памятаць пра тых, хто вызваліў людзей
у пагонах ад хімеры сумлення, а суддзяў ператварыў у катаў у мантыях. Памятаць
пра іх усіх — да
самай маленькай «шрубкі»
сістэмы.