Рэпрэсіі. Былы супрацоўнік метрапалітэну атрымаў новы прысуд
Палітвязень Арцём Анішчук павінен быў выйсці на волю 29 чэрвеня. У гэты дзень цалкам скончыўся ягоны тэрмін пакарання ў два гады. Сёння яго прысудзілі яшчэ на 1 год зняволення.
28 чэрвеня ў 18:00 Арцёма Анішчука арыштавалі паводле арт. 369 КК і ўзялі пад варту згодна з пастановай пракурора Магілёва за паведамленні ў прыватным чаце, у якім адбывалася правакацыя сілавікоў на актыўныя дзеянні.
Пры гэтым ініцыятыва дапамогі палітвязням адзначае, што на момант «учынення злачынства» дзейнічала старая рэдакцыя арт. 369 КК, паводле якой максімальнае пакаранне было звязана з абмежаваннем, а не пазбаўленнем волі.
Вядома, што Арцём Анішчук ужо напісаў і даслаў скаргі на незаконнае ўтрыманне пад вартай.
Справа паводле арт. 369 КК РБ 24 чэрвеня была перададзена пракурору Магілёва для далейшай перадачы ў суд.
Летась на Анішчука, былога супрацоўніка Мінскага метрапалітэну, завялі крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі магілёўскай калоніі № 15. Тады палітвязень заяўляў пра фізічны і псіхалагічны ціск, на знак пратэсту супраць гэтага праглынуў металічныя прадметы.
Арцём Анішчук — фігурант справы «пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі начальніка з Дэпартамента выканання пакаранняў». У зняволенні ён увесь час падвяргаўся ціску і катаванням. Да яго не пускалі адваката, збівалі, змяшчалі ў ШІЗА.
Пра збіццё Арцёма Анішчука начальнікам калоніі Аляксеем Лазарэнкам распавядала жонка вязня. Акрамя таго, на Анішчука спрабавалі ўзбудзіць крымінальную справу па арт. 411 КК РБ. Дзякуючы змаганню яго жонкі Вольгі і розгаласу ў грамадстве, справа была спынена, а Арцёма перавялі ў ПК-2 (Бабруйск).
У выніку пракуратура вынесла пастанову аб спыненні крымінальнай справы, але яе не закрылі.
У гэтай жа калоніі Анішчука пазбаўлялі спатканняў і прэсы.
Сёлета ў траўні Арцём другі раз перахварэў на COVID-19 і тыдзень правёў у санітарнай частцы.
Падтрымаць Арцёма вы можаце грашовымі пералікамі, бандэролямі, тэлеграмамі і лістамі:
Анішчук Арцём Ігаравіч
вул. Крупскай 99а, Турма-4, Магілеў
212011
Рэквізіты для грашовага пераліку:
УНП: 790194835
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY74BAPB36429017000260000000