Рэаніматолага Уладзіміра Мартава асудзілі на сем сутак арышту
Доктара Уладзіміра Мартава асудзілі на сем сутак арышту за выяву бчб-сцяжка на аватарцы ў сацсетцы, напісала ў Facebook журналістка Таццяна Матвеева.

Па словах жонкі Мартава, акрамя аватаркі, пытанні ў міліцыянтаў выклікала нейкая песня, размешчаная на старонцы ў мужчыны, або запісаная на нейкім дыску, які быў канфіскаваны пры затрыманні. Сваю віну ў судзе Уладзімір Мартаў не прызнаў, паведамляе REFORM.by.
Нагадаем, рэаніматолага, былога загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэаніматалогіі ў Віцебскай БХМД затрымалі на яго лецішчы. Мартаў быў адным з нешматлікіх лекараў, якія адкрыта гаварылі аб рэальнай сітуацыі з каронавірусам у краіне і праблемах медыкаў.
У лістападзе 2020 года Мартаў таксама даваў інтэрв'ю, крытыкуючы дрэнную падрыхтоўку ўладаў да другой хвалі каронавіруса. «Аўтазакі былі важней», — сказаў ён тады. Увесну 2021 года яму не працягнулі кантракт.