«Раз вы забіраеце майго мужа, заўтра я прывяду вам сваіх дзяцей»
У Кобрыне працягваюцца суды над удзельнікамі пратэстных маршаў.
Марш у Кобрыне 30 жніўня
Так, 30 верасня суддзя Вадзім Здановіч аштрафаваў на 20 базавых велічынь беспрацоўнага Івана Бубліка, якога падчас маршу 27 верасня міліцыянты затрымалі з бел-чырвона-белым сцягам і на 72 гадзіны закратавалі ў ізалятары часовага ўтрымання.
1 кастрычніка за ўдзел у маршы 30 жніўня суддзя Таццяна Каберская пакарала штрафам у 12 базавых велічынь Андрэя Жука — бацьку чатырох дзяцей, два з якіх непаўнагадовыя, а трэці знаходзіцца на ўтрыманні.
Спадар Андрэй вылучаецца інтэлігентнасцю,
спагадай і цікаўнасцю да нацыянальнай гістарычнай спадчыны. Пасля заканчэння Кобрынскай
сярэдняй школы №7 з залатым медалём атрымаў вышэйшую адукацыю і 10 гадоў
выкладаў фізічнае выхаванне ў сваёй роднай школе. Працаваў творча — з любоўю да
справы і дзяцей. Аднак вымушаны быў пакінуць настаўніцтва з-за фармалізму і дэградацыі
вучэбна-выхаваўчага працэсу, нізкіх заробкаў. Таму кожнае лета, калі ўсе калегі
адпачывалі, падзарабляў прамысловым альпінізмам. Потым працаваў інжынерам-будаўніком,
ахоўнікам, будаўніком у Расіі, станочнікам на мясцовай фабрыцы лялек “Палессе”,
намеснікам дырэктара прыватнай будаўнічай фірмы, таксістам, гандляром. Марыць
вярнуцца да настаўніцкай працы.
Сваю грамадзянскую пазіцыю Андрэй патлумачыў так: “Выхожу на маршы, каб разам з іншымі беларусамі пабудаваць краіну, якая стане ўтульным Домам для нашых нашчадкаў”.
Да пары яму і жонка Ірына. Пасля заканчэння Беларускага
дзяржаўнага ўніверсітэту фізічнай культуры і спорту працуе на “Палессі” і гуляе
ў тамтэйшай жаночай валейбольнай камандзе. Мужа і жонку яднаюць маральныя каштоўнасці,
грамадзянская пазіцыя і цёплыя сяброўскія адносіны.
І калі міліцыянты прыехалі забіраць Андрэя Жука, каб закратаваць яго на 72 гадзіны да суду, паміж спадарыняй Ірынай і супрацоўнікам Кобрынскага РАУС, маёрам Міхасём Вайтовічам адбыўся такі дыялог.
Вайтовіч: Каб карміць сваіх дзяцей, дайце мне спакойна два гады дарабіць да пенсіі.
Ірына: А што будзе потым?
Вайтовіч: А потым я пачну новае жыццё.
Ірына: Аднак з вашым мінулым цяжка будзе пачаць новае жыццё…
На гэтыя словы Вайтовіч нічога не адказаў, а свой намер затрымаць спадара Андрэя матываваў неабходнасцю нейтралізаваць мужчыну, “каб заўтра ён ня выйшаў на пляц”.
Ірына: А ён ня пойдзе на пляц, бо заўтра працуе…
Вайтовіч: З працы можна і сыйсці.
Ірына: Ах, так! Раз вы забіраеце майго мужа з працы, заўтра я прывяду вам сваіх дзяцей, вы іх будзеце карміць, а я намалюю вялікі транспарант і з ім — на пляц!
Вайтовіч: Тады і вас закрыю.
Ірына: Дык будзем сядзець разам з мужам, а вы мусіце гадаваць нашых дзяцей!
1 кастрычніка за ўдзел у маршы 23 жніўня суддзя Таццяна Каберская аштрафавала на 15 базавых велічынь юрыста Рамана Дзмітрука — адукаванага і далікатнага чалавека, бацьку чатырох дзяцей, у тым ліку двух малалетніх.
Ягоны 23-хгадовы сын Георгій быў збіты
сілавікамі вечарам 11 жніўня, калі ішоў на малітву ў пратэстанцкую святыню праз
цэнтральны пляц гораду. Хлопца затрымалі невядомыя ў цывільным, закінулі ў
аўтазак, прывезлі ў мясцовы РАУС, прыціснулі тварам да сцяны, спачатку збівалі
рукамі і нагамі, а потым дручком па лытках і галёнцы. Склалі на затрыманага адміністрацыйны
пратакол, прымусілі яго падпісаць, але не дазволілі прачытаць. У Георгія
забралі тэлефон, адбіткам пальца разблакавалі, прагледзелі здымкі з папярэдніх
акцый пратэсту, увесь час пыталіся: “Чаго табе не хапае?”. Пасля трох гадзінаў
затрымання юнака вызвалілі.
Спроба зрабіць судова-медычную экспертызу была безвыніковай, бо ў РАУС адмовіліся прызнаць збіццё хлопца і накіраваць да экспертаў. Паколькі ў міліцыі прапанавалі зрабіць экспертызу за грошы, сям’я вырашыла вылучыць сродкі на медычнае абследаванне Георгія.
На судзе Раман Дзмітрук заявіў, што адміністрацыйны працэс парушае ягонае права на свабоднае выказванне свайго меркавання, супярэчыць міжнароднаму і нацыянальнаму заканадаўству. “Я нікога не ганьбіў, не прыніжаў, не прыносіў шкоды грамадзянам, не парушаў грамадскую бяспеку і парадак”, — адзначыў юрыст. Ён прыгадаў сустрэчу грамадскасці з кіраўніцтва раёну 20 жніўня, на якой начальнік Кобрынскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі Андрэй Дулевіч прылюдна даў санкцыю ўладаў на правядзенне мірных акцый пратэсту. “Таму я прашу спыніць працэс і апраўдаць мяне”, — падкрэсліў Раман Дзмітрук.
1 кастрычніка Таццяна Каберская аштрафавала на 5 базавых велічынь Рыгора Ігнацюка за выступ на акцыі 16 жніўня і прысудзіла 10 сутак арышту Аляксею Герасімуку за ўдзел у маршы 6 верасня. 10 жніўня спадар Аляксей быў затрыманы і збіты сілавікамі на цэнтральным пляцы Кобрыну, а затым асуджаны на 10 сутах арышту, з якіх пяць адседзеў ў Кобрыні і Івацэвічах.