Гвалтуюць? Міліцыі не да «бытавухі»!
«Няма калі міліцыі займацца тымі, хто спрабуе гвалціць жанчын, калі яшчэ не ўсіх маладзёнаў са сцягамі на плячах пасадзілі на 15 сутак!», — піша ў блогу на «Свабодзе» Наста Захарэвіч.
Дзвюх маіх знаёмых, ніяк не звязаных паміж сабой, нядаўна спрабавалі згвалціць. З адной гэта здарылася на працы, з другой — дома ў вельмі блізкага сябра. Абедзве спрабуюць пакараць крыўдзіцеляў «у прававым полі», і ў абедзвюх гэта неяк не надта атрымліваецца.
Такіх гісторый у Беларусі шмат, і я неаднаразова чула і чытала пра тое, як абуральна міліцыянты і іншыя работнікі так званых праваахоўных органаў абыходзяцца з пацярпелымі ад сексуальных злачынстваў. Цяпер жа да звычайнай ужо бюракратыі і абыякавасці дадаўся новы фактар — усе надта занятыя палітычна матываванымі справамі, каб займацца «бытавухай».
Сам па сабе зварот у міліцыю па дапамогу ў такой сітуацыі — гэта геройства. Я асабіста ведаю жанчын, якія так ніколі і не заявілі на сваіх крыўдзіцеляў, бо баяліся, што размовы з міліцыянтамі і следчымі нанясуць ім новую траўму. І я іх разумею і ніякім чынам не магу асуджаць. Зноў і зноў пераказваць, што адбылося, а заадно даказваць, што «была прыстойна апранута, не піла, не ўжывала рэчываў, не правакавала» — тое яшчэ «задавальненне». І... а што, калі была ў кароткай сукенцы? Што, калі выпівала разам з тым, хто потым вырашыў згвалціць? Тады даводзіцца даказваць міліцыянтам, што гэта ўсё не нагода і не апраўданне для злачынцы і што вінаваты ў гвалце па-ранейшаму той, хто гвалціць.
«Мяне найбольш абурае стаўленне міліцыі», — кажа мая знаёмая. Згвалтавання як такога ў яе выпадку не адбылося, і мужчыну, які на яе напаў, у лепшым выпадку асудзяць за хуліганства. «Штраф будзе, думаю, і ўсё. І штраф жа не на маю карысць», — дадае яна.
Вось яно — сапраўднае сістэмнае вычварэнства. Фінансавую кампенсацыю за тое, што нейкі мужчына спрабуе згвалціць нейкую жанчыну, атрымлівае дзяржава. А жанчына тут і ўвогуле быццам ні пры чым. Так, міма праходзіла.
І гэта яшчэ адзін фактар, які спыняе жанчын ад таго, каб заяўляць на злачынцаў. Ім (нам) трэба прайсці праз сем колаў пекла, проста каб дзяржаўны бюджэт папоўніўся яшчэ адным штрафам. Не, я, безумоўна, не хачу абясцэньваць адчуванне «справядлівасць перамагла», якое мусіць напаткаць пацярпелую пасля абвяшчэння прысуду, але хіба гэтага дастаткова?
А як жа кампенсацыя маральнай шкоды, аплата працы з псіхолагам, аплата адпачынку для рэабілітацыі ўрэшце? Не, ну калі б на месцы жанчыны, якую спрабавалі згвалціць, быў амапавец, якому зламалі палец, гэта было б варта і неадкладна заведзенай крымінальнай справы, і драматычнага сюжэту на тэлевізіі, і вялікіх кампенсацый. А тут — падумаеш, дробязь нейкая. Не згвалціў жа? Хай радуецца.
У так званай праваахоўнай сістэме зараз наклаліся адна на адну дзве вялізныя праблемы — палітычная аганжаванасць і абыякавасць да сексуальнага гвалту. Яны і паасобку ствараюць катастрофу, а ў спалучэнні адна з адной гэта ўжо больш падобна да апакаліпсісу.
Ну няма калі міліцыі займацца тымі, хто спрабуе гвалціць жанчын, калі яшчэ не ўсіх маладзёнаў са сцягамі на плячах пасадзілі на 15 сутак! Як можна выконваць свае непасрэдныя абавязкі, калі на «плошчы Перамен» дарослыя раз за разам аднаўляюць мурал з дыджэямі, а дзеці пішуць крэйдай на асфальце «Жыве Беларусь»? У міліцыянтаў проста не застаецца часу на сапраўдных злачынцаў — яны занятыя разгонам студэнтаў, запужваннем жанчын з кветкамі і збіццём выпадковых мінакоў нядзельнымі вечарамі.
Толькі вось злачынцы нікуды не зніклі. І ім цяпер, здаецца, дыхаецца так вольна, як ніколі раней.