«Рашуча настроены». Рок-музыкант трымае сухую галадоўку дзявяты дзень
Гродзенскі рок-музыкант Ігар Банцар працягвае сухую галадоўку дзявяты дзень, паведамляе «Свабода».
Ігар працягвае адмаўляцца ад ежы і вады, застаецца ў СІЗА, яго не забралі ў шпіталь, распавяла жонка Банцара Анжаліка Арэхва.
«Настроены бадзёра і рашуча. Эканоміць сілы, каб хапіла на суд», — пракаментавала Арэхва.
Банцар рыхтуецца да пасяджэння, якое адбудзецца ў 14:30 12 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна.
Сям’я перадае праз адваката Ігару сваю падтрымку, адгаварыць яго больш не спрабуюць. «Гэта немажліва, бо ён рашуча настроены», — перакананая жонка вязня.
Вядома, што Банцару мераюць ціск, назіраюць за ім у турме.
Ігара Банцара судзяць за тое, што дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтам. Пазіцыя Банцара: гэта быў перформанс з танцам, падчас якога ён зняў шорты, але заставаўся ў стрынгах, а спераду яго прыкрывала паясная торбачка. Пацярпелы міліцыянт не мае прэтэнзій да Банцара, першапачаткова ён расцаніў яго ўчынак як пʼяную выхадку, а не як крымінальнае злачынства.
Банцару пагражае да трох гадоў калоніі. Ён знаходзіцца пад вартай з 20 кастрычніка мінулага года. Яму 41 год, жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей.
Летась яго тройчы затрымлівалі за ўдзел у пратэставых акцыях, ён адседзеў у адміністрацыйных справах 18 сутак.
Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН.