Расія адмовіла Яне Пінчук у прадстаўленні прытулку, на радзіме яе чакае вялікі тэрмін зняволення

Суд па рашэнні аб экстрадыцыі Яны Пінчук у Беларусь прызначаны на 1 чэрвеня.

pinchuk.jpeg

Днямі Cмольнінскі раённы суд Пецярбурга разгледзеў пазоў да мясцовага дэпартамента паліцыі, які адмовіў беларусцы Яне Пінчук у прадастаўленні часовага прытулку ў Расіі. Дзяўчына прасіла прызнаць незаконным рашэнне ў адмове атрымання ёй такога статусу.

Суд яе довады не падтрымаў. Неўзабаве расійскія ўлады экстрадуюць яе ў Беларусь.

Актывістка з Віцебску была затрымана 1 лістапада 2021 года ў Санкт-Пецярбургу па запыце беларускіх сілавікоў. А 3 лістапада мясцовы раённы суд абраў для яе меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, якая потым была працягнутая. На радзіме за адміністраванне тэлеграм-каналу «Віцебск 97%» супраць яе былі выстаўлены абвінавачанні адразу па 5 крымінальных артыкулах, сярод якіх распальванне нацыянальнай варожасці (ч. 3 арт.130), заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (ч. 3 артыкула 361), паклёп (арт. 188) і іншыя.

Паводле інфармацыі аб'яднанай прэс-службы судоў Санкт-Пецярбургу, «Пінчук прасіла суд прызнаць незаконным і неабгрунтаваным рашэнне аб адмове ў прадастаўленні часовага прытулку на тэрыторыі РФ, абавязаць адказчыка даць прытулак, запатрабаваць у істца рашэнне».

За час знаходжання за кратамі Яна паспела выйсці замуж, як яна паведаміла, «хоць і ў СІЗА, але ўсё роўна па каханні».

На думку расійскіх праваабаронцаў, крымінальны пераслед актывісткі палітычна матываваны. І яны патрабавалі ад уладаў даць ёй прытулак.

Паводле следства, у тэлеграм-канале "Віцебск 97%", Яна Пінчук пад нікам “Прынцэса Лея” размяшчала паведамленні з «негатыўнай ацэнкаю супрацоўнікаў праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады». Акрамя таго, нібыта публікавала «заклікі да прычынення шкоды міліцыянтам» і «экстрэмісцкія матэрыялы». Пра якія канкрэтна матэрыялы ідзецца, невядома, адзначаюць адвакаты дзяўчыны.

Яна Пінчук не адмаўляе адміністравання каналу, але сцвярджае, што ў ім было яшчэ некалькі карыстальнікаў з нікнэймам “Прынцэса Лея”. Свой акаўнт пасля абвяшчэння ўладамі каналу экстрэмісцкім Пінчук, са словаў абаронцаў, выдаліла.

22 снежня 2021 года расійскі ПЦ «Мемарыял» прызнаў Пінчук палітычнай зняволенай.

Суд па рашэнні аб экстрадыцыі Яны Пінчук прызначаны на 1 чэрвеня.