Пуцін: Правядзенне Сусветнага кангрэса рускай прэсы ў Мінску — гэта «глыбока сімвалічна»

Уладзімір Пуцін накіраваў прывітанне ўдзельнікам XV Сусветнага кангрэса рускай прэсы, што праходзіць у Беларусі з 19 па 23 чэрвеня.



konhriess.jpeg

Прэзідэнт РФ лічыць «глыбока сімвалічным» тое, што сёлета «Сусветная арганізацыя рускай прэсы праводзіць форум у Беларусі, у праслаўленых гарадах Мінску і Брэсце».
 

«Менавіта беларуская зямля ў такія ж чэрвеньскія дні 72 гады таму прыняла на сябе ўдар ворага. Беларускі народ, усе народы СССР разам прайшлі праз цяжкія выпрабаванні, выстаялі і перамаглі ў самай жорсткай вайне XX стагоддзя, а подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці назаўжды застанецца адной з самых гераічных старонак Вялікай Айчыннай, знакам мужнасці і непахіснай волі. Падкрэслю, што захоўваць святую памяць пра тыя гады — наш агульны абавязак, агульная адказнасць. І ролю СМІ ў аб'ектыўным асвятленні падзей, супрацьстаянні любым спробам сказіць гістарычныя факты цяжка пераацаніць», — сказана ў тэлеграме Пуціна.
 

Нагадаем, Сусветны кангрэс рускай прэсы праходзіць у Мінску з 19 па 23 чэрвеня. Ён арганізаваны Сусветнай асацыяцыяй рускай прэсы і беларускім дзяржаўным інфармагенцтвам БелТА пры падтрымцы расійскага інфармагенцтва ІТАР-ТАСС, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства замежных спраў і іншых органаў дзяржкіравання Беларусі.
 

Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася пленарнае пасяджэнне кангрэса, у якім удзельнічае Аляксандр Лукашэнка.
 

У праграме кангрэса — наведванне Брэсцкай крэпасці (у ноч з 21 на 22 чэрвеня, у гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны) і Белавежскай пушчы.
 

Сусветны кангрэс рускай прэсы — традыцыйная штогадовая сустрэча кіраўнікоў рускамоўных СМІ замежжа, Расіі, іншых замежных СМІ, на якой абмяркоўваюцца актуальныя пытанні развіцця сусветнай рускамоўнай інфармацыйнай прасторы і захавання рускай мовы.

Паводле БелаПАН