Прэс-сакратар Пуціна назваў блакаванне сайта «Комсомольской правды в Беларуси» парушэннем свабоды СМІ

У канцы верасня ўлады Беларусі заблакавалі сайт выдання «Комсомольская правда в Беларуси». 1 кастрычніка прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў назваў блакаванне незаконным, паведамляе «Свабода».

rpmi_1.png

«Рашэнне Мінска абмежаваць доступ да сайта "Комсомольской правды в Беларуси" парушае свабоду СМІ, Крэмль з ім не згодны», — заявіў Дзмітрый Пяскоў, якога цытуе агенцтва ТАСС.

29 верасня Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала доступ да сайта беларускай «Камсамолкі». У міністэрстве абгрунтавалі рашэнне тым, што на сайце kp.by з’явілася публікацыя, дзе «змяшчаюцца звесткі, якія садзейнічаюць фармаванню крыніц пагрозы нацыянальнай бяспецы, што палягаюць у штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве».

Напярэдадні «КП» апублікавала каментар аднакласніцы забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцэра, у якім тая станоўча пра яго выказалася. Гэта выклікала абурэнне праўладных тэлеграм-каналаў, пасля чаго «КП» змяніла акцэнты ў матэрыяле. Паводле кіраўніка расійскай газеты «Комсомольская правда» Уладзіміра Сунгоркіна, беларуская рэдакцыя «цалкам добрасумленна» асвятляе сітуацыю ў краіне, але ўлады ўжо больш як год забараняюць распаўсюджваць і друкаваць выданне.