Праз моцную ўспышку каронавіруса ў Магілёве ўвялі абавязковы масачны рэжым
Паводле рашэння Магілёўскага гарвыканкама ад 4 лістапада, з 5 лістапада ў Магілёве ўведзены масачны рэжым, гаворыцца на сайце органа ўлады.
У прыватнасці, абавязкова выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны органаў дыхання (маскі) на аб'ектах і ў арганізацыях усіх форм уласнасці горада: крамы, гандлёвыя цэнтры, аб'екты грамадскага харчавання (за выключэннем часу непасрэднага прыёму ежы), аптэкі, установы аховы здароўя, установы адукацыі, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, спартыўныя аб'екты, адміністрацыйныя будынкі, аддзяленні банкаў, сувязі, пошты, аб'екты бытавога абслугоўвання, установы культуры, грамадскі транспарт (у тым ліку, маршрутныя таксі, таксі) і іншыя аб'екты, дзе цяжка або немагчыма забяспечыць сацыяльнае дыстанцыяванне.
Паводле рэсурса mogilev.online, медыкі распавялі журналістам, што ў горадзе сур'ёзная ўспышка каронавіруса — захворванне ўдвая вышэй, чым у першую вясновую хвалю. У шпіталях Магілёва, дзе і без таго ўжо было перапрафілявана больш за тысячу ложкаў пад кавідных хворых, загадана перапрафіляваць яшчэ 515 ложкаў і абмежаваць планавую шпіталізацыю. Складаная сітуацыя і ў раёнах, у прыватнасці, у Шклоўскім і Клімавіцкім.