Праваабаронцы Марфе Рабковай выставілі новыя абвінавачванні. Ёй пагражае да 12 гадоў турмы

Праваабаронцы Марфе Рабковай прад'явілі новыя абвінавачванні — распальванне сацыяльнай варажнечы да ўлады групай невысветленых асобаў і удзел у злачыннай арганізацыі. 

marfa_637.jpg

Марфа Рабкова. Фота: spring96.org

Праваабаронцы "Вясны" Марфе Рабковай 11 лютага прад'явілі новыя абвінавачванні па ч.3 арт.130 (распальванне сацыяльнай варажнечы да ўлады групай невысветленых асобаў) і ч.2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі). Таксама каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" па-ранейшаму абвінавачваюць у фінансаванні і навучанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК). Цяпер Марфе пагражае да 12 год пазбаўлення волі. Праваабаронца ўтрымліваецца пад вартай у мінскім СІЗА-1 ужо амаль пяць месяцаў.

Як паведамляе Валанцёрская служба "Вясны", новыя абвінавачванні Марфе выставілі 11 лютага — пасля прапагандысцкага сюжэту на дзяржаўным тэлебачанні і ў дзень так званага УНС.

Сама Марфа лічыць новыя абвінавачванні "жаданнем ачарніць яе і Праваабарончы цэнтр "Вясна". Таксама яна лічыць, што з-за сканчэння тэрміну следства па мінулым абвінавачванні патрэбна была нагода пакінуць яе за кратамі на няпэўны тэрмін, як тое ўжо было зроблена ў дачыненні палітыка Міколы Статкевіча ды блогера Сяргея Ціханоўскага.

"Прыведзеныя ў сюжэце словы пра яе, Марфа назвала лухтой, бо яе ніколі не арыштоўвалі на мяжы за нібыта падпал будынка ва Украіне пяць год таму. Падпал падатковай інспекцыі ў Гомелі чатырохгадовай даўніны, натуральна, таксама выглядае недарэчнай хлуснёй, бо ў тыя дні яна прэвентыўна знаходзілася на соднях у Мінску, бо набліжаліся "дармаедскія пратэсты".

Асобна Рабкова адзначае, што не прытрымліваецца анархічных поглядаў, да анархічных арганізацый не мае дачынення, і гэтая ідэалогія ёй не да спадобы", – паведамляе Валанцёрская служба "Вясны".

Марфа таксама заяўляе, што ў гэты момант на яе здзяйсняецца інфармацыйны напад: "Замест таго, каб адказаць на пытанні аб сотнях закатаваных і скалечаных беларусаў, зацікаўленыя органы спрабуюць перавесці ўвагу, каб народ забыўся на жнівень 2020 і з чаго пачаліся пратэсты".

spring96.org