Мікіту Емяльянаву не дазволілі атрымаць медычную пасылку
У снежні 2020 года Мікіта Емяльянаў напісаў заяву на адміністрацыю магілёўскай турмы — прасіў дазвол на атрыманне медычнай пасылкі вагой да 50 кг. Дарэчы, медычная пасылка дазваляе атрымліваць акрамя лекаў і прадукты харчавання.
Але ў студзені адміністрацыя турмы не дазволіла Мікіту атрымаць такую пасылку. Прычына, з якой не падпісалі заяву, — няма медычных паказанняў.
Трэба адзначыць, што Мікіта Емяльянаў утрымліваецца ў турме Магілёва ўжо паўгады і за гэты час ані разу не падаваў заяву на медычную пасылку.
Згодна са строгім рэжымам, на які Мікіту перавялі 29 траўня 2020 года, вязню дазваляецца выдаткаваць толькі адну базавую велічыню (цяпер гэта 29 рублёў) на прадукты і прадметы першай неабходнасці.
У мінулым лісце Мікіта пісаў, што не можа наесціся, увесь час моцна хочацца падсілкавацца...
Усе мы ведаем, што збалансаваную турэмную ежу нам паказвае толькі дзяржаўнае прапагандысцкае тэлебачанне. Насамрэч, ежа ў «папраўчых» установах такой не з’яўляецца і не адпавядае ўсім неабходным, згодна з заканадаўствам, умовам.
Да гэтага дадаецца яшчэ той факт, што палітзняволенаму не дазваляюць атрымаць колькі ежы пасылкай.