Праўкі ў закон аб СМІ. Цэнзура стане ўсеабдымнай?
Новыя папраўкі ў закон аб СМІ могуць сведчыць аб гатоўнасці ўладаў блакаваць доступ да сацсетак, лічаць у БАЖ.
Пра адносна свабодны доступ да сацсетак у Беларусі ў параўнанні з РФ сказаў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі ў каментары для «Позірку».
Барыс Гарэцкі таксама дапусціў, што ў новай рэдакцыі закона аб СМІ будзе ўзмоцнена адказнасць за распаўсюджанне кантэнту незалежных СМІ, прызнаных "экстрэмісцкімі".
"Ніякіх адносінаў да права цяперашняе заканадаўства аб СМІ не мае. У рэгулятараў унутры краіны дастаткова магчымасцей зрабіць з любым чалавекам і любым медыя абсалютна ўсё што заўгодна. І закон ніяк не абараняе ні медыя, ні журналістаў, ні спажыўцоў інфармацыі", — сказаў Гарэцкі.
Нагадаем, стала вядома, што на разгляд парламента ўнесены папраўкі ў закон аб СМІ. Неўзабаве Палата прадстаўнікоў разгледзіць чарговыя папраўкі ў закон аб СМІ, якія пашыраюць магчымасці ўлады "рэагаваць на дэструктыўныя працэсы" ў медыя.
Былая міністарка Лілія Ананіч заявіла, што гэтыя папраўкі "істотна пашыраюць магчымасці рэгулятара адэкватна і аператыўна рэагаваць на дэструктыўныя працэсы ў медыя і інтэрнет-прасторы".
Цяпер Лілія Ананіч узначальвае камісію ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці прыкмет экстрэмізму. Ананіч лічыць, што змены ў законе неабходныя "ў плане сіметрычнага адказу на магчымыя выпады недружалюбных краін у дачыненні да беларускіх медыя", а таксама для "рэгуляванне функцыянавання навінавых агрэгатараў, якія карыстаюцца папулярнасцю".
"Калі СМІ, Інтэрнэт-рэсурсы — зброя, а гэта так, значыць, і "боекамплекты" з усёй інфраструктурай павінны быць вывастраныя па апошнім слове права", — лічыць дэпутат.
Папярэднія папраўкі ў закон аб СМІ былі прынятыя вясной 2021 года. Навацыі тады пашырылі пералік інфармацыі, забароненай для распаўсюджання ў медыя.