Прапаганда стварае вобраз «украінскіх дыверсантаў», а пакутуюць рэальныя людзі
У Беларусі затрымліваюць і кідаюць за краты і ўкраінскіх грамадзян, і беларусаў, якія выступаюць за Украіну, і тых, хто проста супраць вайны. З лютага 2022 года ў гэтую катэгорыю рэпрэсаваных трапілі больш за паўтары тысячы чалавек.
У эфіры дзяржаўнага беларускага тэлеканала АНТ паказалі фільм пра групу нібыта завербаваных украінскімі спецслужбамі падлеткаў. Паводле сюжэту, яны рыхтавалі дыверсіі ў Беларусі і Расіі. «Ідэальная марыянетка ў руках дасведчаных дзядзькаў, якія вось так проста вярбуюць нашых дзяцей», — гаворыць голас за кадрам.
У іншым матэрыяле ТБ-прапагандыстаў пра злачынныя планы ўкраінскіх спецслужбаў яго аўтары паведамляюць: «Украінскія спецслужбы вельмі хочуць, каб у нас выбухала, гарэла і гінулі людзі», — піша тэлеканал «Настоящее время».
З 2022 года дзяржаўнае беларускае тэлебачанне рэгулярна паказвае такія антыўкраінскія фільмы. Але цяпер усё часцей грамадзяне Украіны ў Беларусі трапляюць яшчэ і на лаву падсудных, кажа Павел Сапелка з праваабарончага цэнтра «Вясна»:
«Значна больш сталі надаваць увагі тым грамадзянам Украіны, якія маюць нейкія іншыя перакананні, што цяпер не вітаюцца і асуджаюцца беларускімі ўладамі. Мы бачым, што шмат грамадзян Украіны былі асуджаныя за пратэсныя дзеянні, за ўдзел у акцыях, мірных сходах».
Аляксандр Патапаў атрымаў два гады калоніі за каментар пра Лукашэнку ў сацсетках. Да гэтага ў Кіеве падчас абстрэлу загінула яго дачка. На судзе Аляксандру забаранілі размаўляць на ўкраінскай мове.
Кацярыну Бруханаву асудзілі на 2,5 гады пазбаўлення волі за тое, што здымала перамяшчэнне расійскай тэхнікі пад Мінскам. 18-гадовую грамадзянку Украіны Кацярыну Гарсцючэнка 29 мая 2024 года затрымалі на беларуска-польскай мяжы праз фотаздымак чатырохгадовай даўніны.
Гэта асобныя выпадкі, пра якія становіцца вядома публічна. У праваабарончым цэнтры «Вясна» расказваюць, што грамадзян Украіны судзяць не толькі за ўдзел у мірных пратэстах і антываенную пазіцыю, але і па іншых артыкулах.
«Калі мы бачым, што кагосьці з украінцаў асуджаюць за шпіянаж або агентурную дзейнасць, трэба мець на ўвазе, што ёсць вялікая доля верагоднасці таго, што гэтыя людзі не здзяйснялі тых дзеянняў, якія ім ставяцца ў віну. Варта яшчэ сказаць і пра тое, што самі па сабе фармулёўкі гэтых артыкулаў — шпіянаж і агентурная дзейнасць — дастаткова размытыя», — кажа Павел Сапелка.
Рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі ўжо чацвёрты год, праваабаронцы называюць самымі масавымі ў найноўшай гісторыі краіны. Вадзім Мажэйка, каардынатар праекта «Наша візія», расказвае, як змяняецца характар гэтых рэпрэсій з 2022 года і што пагражае грамадзянам Украіны ў Беларусі:
«Вайна пачалася — сітуацыя змянілася. Гэта відавочна. Вядома, могуць быць інтарэсы расійскіх спецслужбаў, і зразумела, што калі расійцы захочуць кагосьці — грамадзяніна Украіны ці яшчэ кагосьці — у Мінску затрымаць, то Беларусь тут ніяк пярэчыць не будзе.
Але тут жа можа быць і свая асабістая матывацыя [беларускіх спецслужбаў]. Таму што тое, што з пункту гледжання грамадзян Украіны можа ўспрымацца як патрыятызм, наогул здаровыя дзеянні: пачынаючы ад каментароў у сацсетках і заканчваючы фатаграфаваннем расійскай ваеннай тэхнікі, — для беларускіх сілавікоў гэта ўспрымаецца як "экстрэмізм", "тэрарызм" і вось гэта вось усё».
З чым менавіта ўкраінскія ўлады звязваюць арышты сваіх грамадзян і пра якую колькасць тых, каго пераследуюць, ідзе гаворка? Амбасадар па асаблівых даручэннях па Беларусі Міністэрства замежных спраў Украіны Ігар Кізім палічыў за лепшае не адказваць на пытанні, каб не падвяргаць дадатковай рызыцы асуджаных у Беларусі ўкраінцаў. Аднак дадаў, што Украіна падтрымлівае кантакт са сваімі грамадзянамі праз уласнае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.
Усяго пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў Беларусі, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», за антываенную пазіцыю затрымалі больш за 1600 чалавек, з якіх на тэрмін ад года да 23 гадоў былі асуджаныя 82 чалавекі.