Прадстаўнікі БХД і консульства Польшчы абмеркавалі Малы памежны рух
У Брэсце адбылася сустрэча консула Генеральнага консульства Польшчы Ганны Навакоўскай і першага дарадцы, кіраўніка візавага аддзелу дыппрадстаўніцтва з прадстаўнікамі аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” у Брэсцкай вобласці.
Кіраўніцтва брэсцкага аддзялення БХД — Зміцер Шурхай і Аляксандр Храпко — падчас сустрэчы з польскімі дыпламатамі абмяркоўвалі тэму Малога памежнага руху паміж (МПР) Беларуссю і Польшчай, а таксама візавыя пытанні.
Разам з тым старшыня Высокаўскага гарвыканкаму (Камянецкі раён) забараніў правядзенне ў Высокім пікету ў падтрымку МПР. Гэта ўжо не першая забарона на правядзенне пікетаў на гэту тэму ў Брэсцкай
вобласці, паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні БХД.
Пытанні малога памежнага руху абмяркоўваюцца не першы год. Польскі бок выканаў усе працэдуры. Справа за афіцыйным Мінскам. Беларускае знешнепалітычнае ведамства асноўнай прычынай затрымкі вырашэння гэтага пытання называе перасцярогі наконт «значнага падвышэння інтэнсіўнасці руху і, як вынік, павелічэння нагрузкі на існуючыя пункты пропуску праз дзяржаўную мяжу”. Зараз беларускі бок заняты вывучэннем вопыту рэалізацыі аналагічнага пагаднення з Латвіяй і апрабоўвае ўвесь комплекс дзеянняў для забеспячэння бесперабойнай працы памежнай інфраструктуры.