Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце зноў «кармілі галубоў»
Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода 27-мы раз сабраліся на пратэст на плошчы Леніна ў Брэсце. Усяго на акцыю па «кармленні галубоў» выйшла каля паўсотні чалавек.
Каментуе блогер Сяргей Пятрухін:
— Я абмяркоўваю з людзьмі,чаму так мала людзей прыходзіць. Мы думаем, што калі было больш людзей, было б круцей і быў бы зразумелы настрой грамадства. Мы прыйшлі да высновы, што ўсе баяцца і таксама абмяркоўваем, што рабіць далей.
Гэтым разам прысутнасці сілавікоў на плошчы і ў навакольных дварах не назіралася. «Берасцейцы па-ранейшаму не выходзяць, бо баяцца страціць працу ці трапіць пад адміністрацыйны пераслед», – лічаць пратэстоўцы.
Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Будуе прадпрыемства ТАА «АйПаўэр» — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода.
17 мая на гэты адказ была накіравана адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя таго, 11 мая на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Брэста і раёна з просьбай вызваліць з пасад старшынь брэсцкіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама у сувязі са стратай даверу. Тады пад гэтым дакументам падпісаліся 3.226 чалавек. У цэлым такіх подпісаў сабрана ўжо больш за 5 тысяч.
Паводле Радыё Рацыя