Працэс над «шпіёнам» Гайдуковым: У судзе дапыталі маці

Вольга Гайдукова распавяла, што была сведкай з боку абароны на судовым працэсе над сынам, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Гайдукова атрымала афіцыйны адказ ад старшыні Віцебскага абласнога суду: на спатканне з Андрэем яна можа разлічваць толькі па сканчэнні суду.



olga_gaydukova.jpg

Спадарыню Гайдукову апыталі ў судзе 20 чэрвеня.
 

«Я таксама дала падпіску пра неразгалошванне, таму нічога падрабязна сказаць не магу. Ды я нічога і не зразумела, у чым вінавацяць Андрэя, з тых пытанняў, што мне задавалі. Выклікалі мяне ў чацвер, 20 чэрвеня. Але расказваць асабліва няма чаго. Паглядзела на Андрэя, ён схуднеў, але выглядае нармальна. І трымаецца добра, настрой добры. Даведалася і рашэнне старшыні суду наконт спаткання. Сказана, што яго могуць дазволіць толькі па сканчэнні судовага працэсу. Навошта я тады пісала заяву? Навошта ён казаў, што нешта можна па ёй вырашыць? Сказаў бы адразу, што па законе — толькі пасля суду, і я не спадзявалася б дарэмна», — заявіла Радыё Свабода Вольга Гайдукова.
 

Заяву наконт спаткання Вольга Гайдукова прывозіла ў Віцебск асабіста яшчэ 14 чэрвеня. Бо тымі днямі старшыня суду паабяцаў праваабаронцу Паўлу Левінаву і каардынатарцы аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Тацяне Севярынец, што абмяркуе магчымасць спаткання з суддзёй Галінай Урбановіч, што вядзе працэс Андрэя Гайдукова.
 

Цяпер, калі рашэньне вядомае, застаецца толькі чакаць лістоў, кажа спадарыня Вольга Гайдукова.
 

«Прыйшла паштоўка, датаваная 18 чэрвеня.21-га мы перадалі Андрэю харчовую перадачу. Ужо відавочна, што працэс так хутка не скончыцца», — разважае Гайдукова.

Наступнае пасяджэнне запланаванае на чацвер, 27 чэрвеня. Паводле Вольгі Гайдуковай, адвакаты не казалі, што ў гэты дзень прагучыць вырак Андрэю Гайдукову.


Спадарыня Вольга нічога не можа ўдакладніць і наконт выказвання старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Валера Вакульчыка пра тое, што ў дачыненні да Андрэя Гайдукова можа быць зменены артыкул, паводле якога ад пачатку бала заведзена крымінальная справа. Маці нічога не ведае пра тое, ці выстаўлена сыну нейкае іншае абвінавачанне замест ранейшых, паводле двух артыкулаў крымінальнага кодэксу: часткі 1 артыкула 14 — «Замах на злачынства», і часткі 1 артыкула 356 — «Здрада дзяржаве».

svaboda.org