Платнікаў размяркоўваць не будуць. Чаму рэжым здаў назад

Месяца не прайшло пасля скандальнай нарады ў Лукашэнкі, ў рэжым паспяшаўся дэзавуяваць свае планы размяркоўваць студэнтаў-платнікаў. Пра што гэта кажа?

fota_jany_trusila_novy_czas10_logo.jpg__1_.webp

21 верасня Лукашэнка правёў гучную нараду па пытаннях адукацыі, ад якой дагэтуль не могуць ачомацца мільёны беларусаў. Менавіта там былі агучаныя намеры рэжыма размяркоўваць выпускнікоў платных аддзяленняў ВНУ, а бясплатнікам і мэтавікам нашмат павялічыць тэрміны адпрацоўкі.

«Што за сістэма такая? Скончыў ВНУ, не адпрацаваў і пайшоў», — казаў тады Лукашэнка.

А яго верны паслугач, міністр адукацыі Іванец адразу ж шчоўкнуў абцасамі: «Сёння і бюджэтнік, і платнік, паводле нашага меркавання, павінны адпрацоўваць. Адпаведныя змены мы гатовыя ўнесці ў Кодэкс аб адукацыі».

Лукашэнка абураўся, што беларусы з’язджаюць за мяжу, але замест таго, каб паглядзець у люстэрка і ўбачыць там сапраўдную прычыну, прапанаваў фактычна паншчыну для маладых спецыялістаў, прычым месцамі гаворка вялася пра адпрацоўку на працягу 5-7 гадоў.

Але музыка грала нядоўга. Неўзабаве рэжым «уключыў заднюю». Прычым ціхенька і ўжо без удзелу самога Лукашэнкі.

5 кастрычніка той жа Іванец у інтэрв’ю прапагандысцкаму агенцтву БелТА распавёў, што ўсё не так адназначна.

«Змены ў заканадаўчую базу закрануць тых, хто будзе паступаць у нашы ўніверсітэты альбо каледжы пасля ўступлення ў сілу гэтых нормаў. То-бок тых, хто сёння навучаецца на платным, гэтая навацыя тычыцца не будзе. Аднак скарыстацца правам на атрыманне першага працоўнага месца яны могуць», — заявіў чыноўнік.

Іншымі словамі, тыя, хто ўжо вучыцца, могуць уздыхнуць з палёгкай. Дый астатнія таксама, бо навучальны год толькі пачаўся, і прынамсі падрыхтавацца да чарговай падлянкі ўладаў часу хапае.

Чаму заява Іванца фактычна абнуляе тое, што было сказана на нарадзе? Ды проста таму, што калі нават заўтра рэжым падкарэктуе Кодэкс аб адукацыі, то першых платнікаў пасля ВНУ размяркуюць толькі праз пяць гадоў. А да гэтай пары, як той казаў, альбо асёл здохне, альбо падзішах. І ўвогуле яшчэ невядома, ці прымуць тыя папраўкі ў заканадаўства, бо пасля новых уводных яны цалкам губляюць сэнс.

Дэфіцыт працоўных рук беларуская эканоміка адчувае наўпрост зараз. Людзі масава з’язджаюць: з вёсах — у гарады, з гарадоў — у Мінск, адусюль — за мяжу. Спыніць гэты працэс рэжым не можа, таму што гэта супярэчыць самой сутнасці лукашэнкаўскай дыктатуры. Бо не можа яна ні забяспечыць добрыя заробкі, ні стварыць празрыстыя ўмовы, ні садзейнічаць развіццю прыватнага сектара. Не кажучы ўжо пра палітычны складнік — рэпрэсіі, звальненні і іншы прыгнёт.

Глядзіце таксама

У Лукашэнкі застаецца толькі адзін метад — гвалт. На іншае ён не здольны, бо іншае будзе пагражаць яго ўладзе.

То калі праблема на рынку працы мае надзённы характар, яе і вырашаць варта ў рэжыме рэальнага часу, а не прымаць захады, якія пачнуць працаваць праз гады. Таму так, сістэма адмаўляецца ўваодзіць прагоннае права для адукаванай моладзі.

Глядзіце таксама

Чаму? Гэта таксама відавочна: рэжым спужаўся таго рэзанансу, што ўсчаўся пасля вераснёўскай «адукацыйнай» нарады. Як ужо распавядаў «НЧ», размеркаванне пасля атрымання дыпломаў беларусам і так моцна не падабаецца. Гэта тая з’ява ў беларускім жыцці, у стаўленні да якой, бадай, адзіныя нават прыхільнікі перамен і ябацькі. Нікому не хочацца, каб улада вырашала, дзе табе ці тваім дзецям працаваць. Таму, зразумеўшы, які моцны негатыў выклікала ў грамадстве ідэя пашырыць «размеркавальныя» практыкі, асэнсаваўшы свой зашквар, Лукашэнка вырашыў адкаціць сітуацыю назад.

Прычым зроблена гэта было так, каб «захаваць твар». Маўляў, мы ад свайго намеру не адмаўляемся, проста ўсё будзе выглядаць інакш. А што нехта нас неправільна зразумеў — то гэта яго праблемы.

Дарэчы, калі змены ў Кодэкс аб адукацыі прымуць менавіта з пунктам аб усеагульным размеркаванні для тых, хто будзе паступаць на наступны год, то тут таксама ёсць дрэнныя навіны для лукашэнкаўцаў. У такім выпадку частка ўчорашніх школьнікаў і іх бацькоў задумаецца, а ці варта наогул ісці вучыцца ў беларускія ВНУ. Можа, адразу паступаць за мяжу?

Такі трэнд і так існуе сярод беларусаў, і рэжым змагаецца з ім як умее — гвалтам і застрашваннем. То навошна паглыбляць гэтыя працэсы? І гэта яшчэ адзін аргумент на карысць таго, што пра анасаваныя папраўкі лукашэнкаўскія чыноўнікі проста «забудуць».

Але як яны тады будуць вырашаць праблему адтоку мазгоў і працоўных рук? А ніяк не будуць. Калі пэўныя непапулярныя рашэнні Лукашэнка прымаць баіцца, а на іншыя рашэнні ён не здатны, то ўсё застанецца як і было.

Патавая сітуацыя: рэжым не здольны ствараць прывабныя ўмовы і добрыя стымулы — ён карыстаецца толькі метадамі прымусу, а прымус не ўсюды дарэчны. Прынамсі сёння ўсё выглядае так. Калі моцна прыпячэ, Лукашэнка, вядома, і не на такое гатовы. Можа і мяжу аднойчы закрыць, каб усе сядзелі ў «моцнай і квітнеючай», працавалі за невялікія заробкі, баяліся рэпрэсій і плацілі падаткі. Але пакуль такія захады лічацца дачаснымі.

Глядзіце таксама

Таму — нічога не зменіцца. Беларусы працягнуць з’язджаць за мяжу, падалей ад даброт архаічнай дыктатуры. А Лукашэнка працягне скардзіцца на недахоп людзей, кепскую нараджальнасць і адсутнасць «патрыятызму» ў разбэшчанай заходнімі каштоўнасцямі моладзі.