«Перастаньце ціснуць на людзей і запалохааць іх». Работнікі «Грода-Азот» выступілі з відэазваротам
Яны выказаліся супраць фальсіфікацыі выбараў, гвалту і рэпрэсій, супраць ціску кіраўніцтва на іншадумцаў і іх звальнення, паведамляе «Свабода».
«Мы, работнікі ААТ «Грода-Азот», звяртаемся да ўсіх жыхароў нашай краіны. Мы, азотаўцы, як і многія іншыя, не можам заставацца ўбаку ад таго, што адбываецца ў нашай любімай Беларусі.
Мы стаміліся і катэгарычна супраць падману і жорсткасці. Супраць той бесчалавечнасці, якая адбываецца цяпер на вуліцах на нашых вачах і вачах нашых дзяцей.
Мы хочам звярнуцца да работнікаў іншых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі. Што б ні казалі пра нас у афіцыйных дзяржаўных СМІ, мы салідарныя з вамі. І не можам проста назіраць за тым, што адбываецца, з боку. Абсалютная большасць работнікаў нашага заводу прытрымліваецца гэтай жа пазіцыі. Але не ўсе могуць адкрыта яе выказваць з розных прычынаў.
Калі гаварыць пра прычыны, хочам звярнуцца да адміністрацыі прадпрыемства. Многія з вас таксама супраць таго, што адбываецца ў краіне, але не могуць казаць пра гэта адкрыта. Калі ласка, перастаньце перашкаджаць выказванню сваёй думкі работнікамі прадпрыемства. Бо кожны грамадзянін нашай краіны мае права на свой пункт погляду, які можа не супадаць з вашай. Перастаньце ціснуць на людзей і запалохааць іх. Мы і так моцна занепакоеныя колькасцю нашых супрацоўнікаў, што звальняюцца. Сярод іх спецыялісты, на падрыхтоўку якіх патрэбныя гады. Развальваюцца цэлыя калектывы.
Мы звяртаемся да адміністрацыі гораду і вобласці. Хочам нагадаць вам, што ўсе падзеі ў горадзе і краіне бяруць свой пачатак з абвяшчэння вынікаў выбараў на выбарчых участках. І абсалютна неабгрунтаваная прымяненне гвалту сілавікамі на вуліцах нашых гарадоў. Вы нам абяцалі не перашкаджаць мірным акцыям, мітынгам і шэсцям. Вы нам абяцалі, што больш на вуліцах нашага гораду не будзе сілавікоў без форменнага адзення і без знакаў адрознівання. Аднак рэпрэсіі працягваюць і далей, нават супраць журналістаў, старых і дзяцей. Мы не можам спакойна назіраць, як святлашумавымі гранатамі закідваюць нашых маці. І калі не вашая кампетэнцыя змяненне палітычнай сітуацыі ў краіне, то спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзянаў у вашых сілаў.
Мы занепакоеныя ўцечкай за мяжу спецыялістаў і працоўных кадраў. Таксама высокакваліфікаваныя кампаніі айці-сфэры вымушаныя пераносіць свае офісы і бізнесы ў цэлым у суседнія краіны. Што не можа не адбіцца на эканамічнай сітуацыі ў краіне.
Гняце сітуацыя з беспрэцэдэнтным ціскам на студэнтаў. Гэта будучыня нашай краіны, і мы не маем права яе страціць і ўпусціць.
Цяжка глядзець на ціск, які чыніцца на работнікаў культуры, калі закрываюцца цэлыя тэатры.
На медыкаў і ў так складаны для іх час, калі яны не складаючы рук змагаюцца з пандэміяй.
На найлепшых трэнэраў і спартоўцаў, на гонар нашай краіны ў і так вельмі складаны час для беларускага спорту.
Лічым непрымальным рэгулярны крымінальны пераслед кандыдатаў у прэзідэнты, іх паплечнікаў, сябраў штабоў і ініцыятыўных групаў. Толькі з кандыдатаў у 2006 асуджаны Казулін, у 2011-м Някляеў, Вус, Рымашэўскі, Саннікаў, Статкевіч, у 2020-м у СІЗА Ціханоўскі і Бабарыка.
Мы, як і астатнія жыхары Беларусі, за праўду, права і магчымасьць мець сваю думку.
Мы супраць хлусні і гвалту, супраць беззаконня і ўшчамлення правоў. У тым ліку і права выбару. Супраць фальсіфікацыі і жорсткасці.
Мы патрабуем абароны і датрымання нашых канстытуцыйных правоў.
Артыкул 21. Забеспячэнне правоў і свабодаў грамадзян Рэспублікі Беларусь ёсць найвышэйшай мэтай дзяржавы.
Артыкул 33. Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і свабоднае іх выказванне. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб'яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца.
Артыкул 35. Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетаванняў, якія не парушаюць правапарадак і права іншых грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, гарантуюцца дзяржавай.
Артыкул 38. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна выбірацца і быць выбранымі.
Таксама мы засмучаныя сітуацыяй на міжнароднай арэне. Адкліканнем паслоў практычна ўсіх еўрапейскіх дэмакратычных краінаў. Мы баімся эканамічных санкцый для нашай краіны і закрыцця межаў, што можа выклікаць цяжкасці ў рэалізацыі нашай прадукцыі за мяжой.
Мы абураныя, што так не і не заведзена ніводнай крымінальнай справы па фактах збіцця мірных грамадзянаў і затрыманых. Па фактах гібелі людзей на вуліцах і пасля Акрэсціна. Хоць увесь інтэрнэт поўны жудаснымі дыягназамі, відэа збіванняў і фота іх наступстваў.
Мы хочам выказаць шчырае спачуванне ўсім семʼям загінулых і зніклых без вестак, усім пацярпелым пры затрыманнях. Выказаць сваю падтрымку тым, каго пераследуюць з палітычных матываў і іхнім семʼям.
Мы хочам жыць у свабоднай і незалежнай Беларусі. Мы сэрца беларускай хіміі. І сёння гэтае сэрца, нягледзячы ні на што, бʼецца ва ўнісон з сэрцамі мільёнаў беларусаў, якія ступілі на дарогу пераменаў».
Зварот заканчваецца песняй «Сыходзь ціха, мірна і спакойна».