Перамога журналіста?

Журналіст Уладзімір Лапцэвіч ўжо некалькі месяцаў спрабуе прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанціна Кісцянёва. Здаецца, пачынае атрымлівацца.

fight_2284723_1280.jpg


Намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч даручыў раённай адміністрацыі пачаць расследаванне ў дачыненні да работніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання Канстанціна Кісцянёва, піша Магілёўская вясна.
Нагадаем, 29 красавіка ў будынку адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва адбыўся сход членаў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”. Члены кааператыва запрасілі для асвятлення мерапрыемства журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча, аднак прадстаўнік раённай улады Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта ў залу. Журналіст напісаў скаргу ў Ленінскі РАУС, у якім папрасіў прыцягнуць чыноўніка да адміністрацыйнай адказнасці за перавышэнне паўнамоцтваў. У кастрычніку міліцыя спыніла праверку ў дачыненні да Кісцянёва – ужо ў пяты раз, пачынаючы з траўня.
Увесь гэты час карэспандэнт агенцтва БелаПАН абскарджваў рашэнні міліцыі і іншых дзяржорганаў, а таксама звяртаўся ў гарвыканкам, аднак яму ўсюды адмаўлялі.
Зрухі пачаліся, калі Лапцэвіч звярнуўся ў аблвыканкам:
«Адміністрацыі Ленінскага раёна даручана правесці службовае расследаванне, а ў выпадку ўстанаўлення факту парушэння дзеючага заканадаўства разгледзець пытанне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці Кісцянёва К.У.», – сказана ў адказе намесніка старшыні абласнога выканаўчага камітэта Андрэя Кунцэвіча.
Лапцэвіч таксама дамогся пакарання для ўчастковага інспектара Ленінскага РАУС Аляксандра Шмаянкова, які адным з першых праводзіў праверку па справе Кісцянёва. УУС Магілёўскага аблвыканкама прыцягнула міліцыянта да матэрыяльнай адказнасці за тое, што той не апытаў ні Лапцэвіча, ні сведак інцыдэнту, які здарыўся 29 красавіка.
Разам з тым, намеснік начальніка УУС Уладзімір Рыжанкоў заявіў у пісьмовым адказе, што тэрмін прыцягнення Канстанціна Кісцянёва скончыўся, таму чыноўніка міліцыя караць не збіраецца.