Павел Севярынец: Ім трэба арыштаваць сотні людзей, каб спыніць варту

Павел Севярынец арыштаваны на 10 сутак. Такое рашэнне прыняла сёння суддзя Ала Скуратовіч. Справа разглядалася ў судзе Фрунзенскага раёну Мінску.

Фота: facebook.com

Фота: facebook.com


Палітык не прыйшоў на паседжанне. Севярынца прызналі вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага пікету і за тое, што «стаяў з бел-чырвона-белым сцягам». Супраць яго сведчылі два міліцыянты. Паводле іх, Севярынец перашкаджаў аўтамабілям і раздаваў улёткі.
Затрымаць Севярынца даручана Фрунзенскаму РУУС сталіцы. Палітык ужо адседзеў 10 сутак арышту на пачатку ліпеня.
«Ім трэба будзе па чарзе арыштаваць сотні людзей, каб спыніць варту Курапатаў. Штодня туды прыходзяць сотні людзей. Я сам да іх не пайду здавацца. Можа затрымаюць сёння, можа ў сераду, калі мая варта ў Курапатах. Гэта проста гульня на нервах. Варта стаіць і будзе стаяць», – пракаментаваў рашэнне суддзі актывіст.
Абарона Курапатаў сёлета трывае з пачатку чэрвеня. Ужо два месяцы актывісты стаяць ля брамы рэстарацыі «Поедем, поедим» і патрабуюць яе ліквідаваць, бо літаральна ў 50 метрах ад забаўляльнай установы знаходзіцца месца сталінскіх расстрэлаў.
Суды неаднаразова каралі абаронцаў Курапатаў штрафамі і арыштамі – усяго было заведзена 140 адміністратыўных справаў. З 4 жніўня 10-суткавы арышт адбывае актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі. На актывістаў некалькі разоў наязджалі аўты нібыта наведнікаў рэстарану, узнікалі бойкі з ахоўнікамі. Ніводнага з атакуючых актывістаў не пакаралі.
Дапоўнена: Вольга Севярынец паведаміла, што яе муж Павел затрыманы каля дома.
 


belsat.eu