Пасля вайны Расіі з Украінай «адмываць» Дзень Перамогі давядзецца доўга — Лебядок
Ваенны эксперт Ягор Лебядок разважае пра тое, як і для чаго прапаганда ў Расіі і Беларусі пераўтварыла гэты дзень у «пабедабесіе».
Калісьці Вялікая Айчынная вайна (Ягор Лебядок адмыслова выкарыстоўвае гэты тэрмін, які панаваў да 1990-х у народным наратыве. — НЧ) для беларусаў была сімвалам вялікага народнага гора. Дзень Перамогі быў сапраўды са слязьмі на вачах, людзі памяталі вайну, страты родных і сяброў, якім коштам дасталася перамога. Гэта аб'ядноўвала беларусаў. Пакуль асобныя людзі памяць пра ВАВ не пачалі выкарыстоўваць у якасці базісу абгрунтавання сваёй улады, навешвання «псіхалагічных» цэтлікаў на палітычных апанентаў. А ў Расіі гэта яшчэ адзін са спосабаў утрымання суседніх дзяржаў у сваёй сферы і напампоўвання нянавісці да патэнцыйных супернікаў.
Гора вайны стала не стымулам жыць і развівацца дзеля памяці памерлых, а падставай узняцця планкі агрэсіі да непажаданых для асоб, якія дарваліся да ўлады. Сярод баявых ветэранаў у 1945-1995 гадах наўрад ці можна было пачуць у свята і ўвогуле: «можам паўтарыць!». Лозунг гэты і стаў тыражавацца, калі большасць ветэранаў, хто памятаў рэаліі вайны, памерлі.
Народнае гора ці іншыя масавыя працяглыя ўзрушэнні — гэта добры падмурак для правядзення інфармацыйных кампаній. Варта толькі прымайстраваць невялікую «надбудову». Да прыкладу, вы супернік Лукашэнкі і прыхільнік прынятага ў 1991 годзе бел-чырвона-белага сцяга, тады робіцца па ТБ масавая кампанія па прыраўнаванні БЧБ да паліцаяў, што падсвядома ўваскрашае негатыўны вобраз у грамадзян і адрынанне ў іх апанентаў Лукашэнкі (гэта 1990-2000 гг., аднавілі гэты падыход у 2020 годзе).
Вы за будаўніцтва сваёй уласнай дзяржавы са сваімі інтарэсамі, якія не супадаюць з расійскімі? Тады пра такіх людзей і палітыкаў гавораць як пра нацыяналістаў, затым робіцца простае слоўнае змешванне «нацыяналізм = нацызм», а нацызм непрымальны ў нас на базісе гора ВАВ. Тым самым у грамадзян адрынаецца імкненне да самастойнага развіцця, да стварэння паўнавартаснай незалежнай дзяржавы, і, фактычна, да магчымасці самім вызначаць свой лёс і лёс нашчадкаў.
Такіх кампаній — выкарыстанне памяці аб ВАВ у сваіх карыслівых палітычных мэтах — праведзена на нашай зямлі вельмі шмат за 20 гадоў, на жаль. Для гэтых мэт тэма ВАВ рэзка манапалізавалася асобамі, што ўтрымліваюць уладу.
У Расіі памяць аб Вялікай Айчыннай вайне выкарыстоўвалі і для развіцця шавіністычных імкненняў, увасобіць у жыццё якія вырашылі Пуцін і Ко. Шавінізм у Расіі сам па сабе з'яўляецца базісам іх светаразумення і адчування сябе ў свеце. Нават пасля вайны ва Украіне, думаю, многія беларусы і ўкраінцы заўважылі ў прамовах расійцаў, якія з'ехалі з Расіі з прычыны дэмакратычных поглядаў і адмаўлення неабходнасці вайны, словы, якія ўсё роўна адлюстроўваюць гэты базіс: тыя ж фразы пра адзін народ, пра не развітую дастаткова мову, пагардлівасць да беларусаў і ўкраінцаў у іншай форме, якая залежыць толькі ад узроўню інтэлекту, які яе выказвае. Што ўжо казаць пра тых, хто сядзіць на «іголцы» расійскай прапаганды.
Першапачаткова сімвалізм ВАВ Расіяй выкарыстоўваўся на постсавецкай прасторы для ўваскрашэння памяці аб адзіным савецкім народзе, адзіным горы для схілення грамадзян тых краін да Расіі (як мяккая сіла). Але, акрамя мінулага, у ідэйным плане Расіі прапанаваць не было чаго для суседніх краін, асабліва на фоне адкрытага свету з тэхналогіямі, правамі чалавека, магчымасцямі самарэалізацыі і г.д. Таму рэалізацыя імперскіх, шавіністычных ідэй пайшла па адзіна даступным Расіі сцэнары — сілавым шляхам: Грузія ў 2008 годзе, і найбольш відавочна Крым і Данбас у 2014 годзе.
Для вядзення захопніцкіх войнаў насельніцтва і асабліва вайскоўцаў трэба:
- напампаваць нянавісцю,
- паказаць, што супернік слабы і перамога будзе праведнай.
У тым ліку для гэтага 8 гадоў у Расіі ВАВ узводзілася ў культ, названы цалкам абгрунтавана «пабедабесіем». Гэтае «бесіе» ў поўнай меры і выявілася 24 лютага 2022 года (хоць, магчыма, яшчэ і не ў поўнай).
У час падрыхтоўкі да вайны з Украінай і з яе пачаткам расійскае «пабедабесіе» перакінулася ў Беларусь. З мінулага года створаны шэраг тэлеграм-каналаў розных часцей Узброеных Сіл Беларусі. Ці вядуць іх беларусы ці ўсё ж расійцы (як расійскі «дэсант» СМІ ў 2020 годзе), пакуль складана сказаць дакладна. Гэтыя каналы цалкам транслююць выключна расійскі парадак дня і ідэалагічныя наратывы, за выключэннем абавязковага рассылання зампалітамі ў гэтыя каналы некаторых падзей з частак.
Для прыкладу на фота прыведзены скрыны з канала нібыта 50-й змешанай авіябазы ў Мачулішчах і канала беларускіх сілавікоў, які ўзнік ужо пасля пачатку вайны. Ва ўсіх белканалах (якія маюць дачыненне да сілавікоў і дзяржаў) распаўсюджваюць лозунг «Мы памятаем» [пра вайну і Перамогу]. Абодва пасты на фота якраз абвяргаюць гэты лозунг. Сутнасць першага паста — паказаць крутасць савецкіх і расійскіх воінаў на фоне астатніх у свеце, г.зн. што перамагчы іншых будзе лёгка. Але ўзровень памяці пра ВАВ у аўтараў вельмі дрэнны, калі яны беларусы, канешне. Справа ў тым, што тэрыторыя БССР, на якой размяшчалася Чырвоная армія (гэта тая, што «ад тайгі да брытанскіх мораў усіх мацней»), была акупаваная немцамі ў 1941 годзе за тыя ж 37-39 дзён. У Францыі немцы ўзялі ў палон каля 1 млн. французскіх вайскоўцаў. Мінск быў акупаваны ўжо 28 чэрвеня. І толькі пад Мінскам былі ўзяты ў палон каля 300 тыс. савецкіх вайскоўцаў. Справа тут не ў баязлівасці французаў ці савецкіх салдат, а ў новым на той час спосабе вядзення вайны — знакамітым бліцкрыгу. З адной толькі розніцай. Французы гэты спосаб маглі бачыць толькі з верасня 1939 па травень1940 на прыкладзе дзеянняў немцаў у Польшчы і Нарвегіі, часу для пабудовы абароны з улікам вядзення бліцкрыгу было мала. СССР жа мог зразумець гэта і на прыкладзе Францыі, і меў час прадумаць і выбудаваць паўнавартасную абарону з улікам навін у ваеннай справе. Але, як паказваюць дакументы першых дзён вайны, абарона была канцэптуальна цалкам сабе старой, што і прывяло да паланення і гібелі сотняў тысяч у першыя тыдні вайны. Дарэчы, яшчэ адзін пункт расійскага «пабедабесія» і шавінізму — гэтае прыпісванне перамогі выключна сабе, поўнае ігнараванне саюзнікаў. У Беларусі па зразумелых прычынах гэта не так развіта, хіба што з упорам на савецкі народ.
Другі скрын таксама накіраваны на крутасць савецкіх і іншых ваенных, і прыніжэнне стойкасці і ўменняў ўкраінскіх воінаў, якія абараняюць Марыупаль. Тут зноў «памяць» падвяла. «Блакада Сталінграда» — гэта ўвогуле нешта новае ў гісторыі, але добра. Важнейшае тое, што Брэсцкая крэпасць-герой, настолькі значная для беларускага народа і на мужнасці якой выхоўваюць некалькі пакаленняў вайскоўцаў, на дадзены пастамент наогул бы не патрапіла, паколькі пратрымалася толькі 32 дні (а актыўныя баявыя дзеянні ішлі каля 8 дзён). Добра ўвесь Марыупаль, нават раён «Азоўсталь» пры рэзкім абмежаванні рэсурсаў ужо каля 20 дзён эфектыўна абараняецца пад расійскімі бамбардзіроўкамі і абстрэламі артылерыяй. Нармальны вайсковец можа ненавідзець ворага, але пры гэтым і паважае ўмелыя дзеянні суперніка. А не як падлетак спрабуе яго дыскрэдытаваць, але, не валодаючы ведамі і розумам, дыскрэдытуе сябе ці сваіх, як на прыведзеным скрыне.
Абодва маіх дзеда ваявалі ў Другую сусветную вайну, былі ўзнагароджаны медалямі, уключаючы «За адвагу», вартыя памяці аб іх подзвігу і павагі. На жаль, з-за падзей апошніх дваццаці гадоў памяць аб іх, як і ўсіх удзельніках той вайны, усё больш заціраецца і дыскрэдытуецца ва ўгоду ўтрымання ўлады і рудыментарных імперскіх жаданняў.
Усё ж, з Днём Перамогі! Пасля вайны Расіі з Украінай і нашага ў ёй удзелу, «адмываць» гэтае свята давядзецца доўга.
Паўтару, як і раней: дзяды — малайцы, а тыя, хто выкарыстоўвае памяць аб іх для апраўдання сваёй чарнухі — нягоднікі!