Парэшткі загінулых воінаў пахавалі ў Слоніме
У Слоніме адбылося вялікае перазахаванне парэшткаў воінаў, якія загінулі ў самым пачатку вайны 1941 года.
Гэтыя парэшткі 65 воінаў Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі былі сёлета выяўлены на вуліцы Брэсцкай у Слоніме ў васьмі метрах ад шасэ Слонім—Ружаны. Сярод выяўленых удалося расшыфраваць і ўстанавіць імёны 11 воінаў.
У перазахаванні прынялі ўдзел кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама і Слонімскага райвыканкама, вайскоўцы, святары, а таксама дзесяткі слонімцаў.
Прыехалі на перазахаванне і сваякі тых, хто загінуў каля Слоніма. Сярод іх была Клара Аляксеенка — дачка Ягора Аляксенкі са Смаленшчыны. Жанчына разам з братам з 1938 года чакала і шукала бацьку. І вось нарэшце праз 76 гадоў яна даведалася, што ён загінуў каля Слоніма.
Парэшткі воінаў перазахавалі ў брацкую магілу, якая знаходзіцца каля Слонімскага ўпраўлення магістральных газапровадаў.
Фота аўтара