Памяці Барыса Дуброўскага

Развітанне з абаронцам Курапатаў Барысам Дуброўскім, які памёр 16 сакавіка, вяртаючыся з Варты ля рэстарану «Поедем поедим», адбудзецца заўтра, 20 сакавіка.

Барыс Дуброўскі падчас Варты ў Курапатах. Фота з Фэйсбука Змітра Дашкевіча

Барыс Дуброўскі падчас Варты ў Курапатах. Фота з Фэйсбука Змітра Дашкевіча

Актывістка Наталля Саматыя, якая паведаміла ўчора пра смерць спадара Барыса, звязалася з яго пляменнікам Аляксеем і апублікавала ў Фэйсбуку допіс пра чалавека, які да апошняй хвіліны жыцця бараніў гонар Беларусі. Спадар Барыс быў сціплым чалавекам, але ён варты таго, каб пра яго ведалі і памяталі.
Таму ніжэй публікуем допіс спадарыні Наталлі з дазволу аўтаркі.
Светлай памяці Барыса Дуброўскага.
Амаль два гады мы штотыдзень сустракаліся на Курапатах з Барысам і нічога не ведалі пра яго лёс, жыццё. Магчыма, некаторыя дэталі выпушчу, і гэта зразумела, слухала па тэлефоне.
«Войной опалённая память. 60-летию освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков посвящается». Кніга была выдадзена ў Мінску, 2004 год. У ёй ёсць частка, прысвечаная сям'і Дуброўскіх. Пра дзяцінства Барыса і яго блізкіх сваякоў мне расказаў пляменнік Барыса, Аляксей Дуброўскі. А маці Аляксея, родная сястра Барыса, даслала некаторыя копіі старонак і фатаграфію кнігі, якая знаходзіцца ў яе. Толькі што. Яна не ў Мінску, за мяжой. І прыехаць наўрад ці зможа. Каронавірус, каранцін.
Барыс Дуброўскі нарадзіўся 10 чэрвеня 1941 года ў Шацкім раёне. Пачалася вайна. Засталіся ў акупаванай Беларусі. Бацьку Барыса, Фёдара, і іншых мужчынаў прымусілі будаваць жаўнерню для немцаў. Быў звязаны з партызанамі. Печкавую трубу вывелі хібна пры будаванні, адмыслова. Жаўнерня ў той час, калі там былі немцы, загарэлася і згарэла. Фёдара саслалі на працы ў Германію. Маці Барыса была расстраляная. Цётка Лідзія (сястра бацькі Барыса, Фёдара) забрала Барыса да сябе і з іншымі кабетамі і дзецьмі, зусім маленькімі. хаваліся ў лясах і балотах тры гады. У той час Барысу было 10 месяцаў, калі сышлі на болота і лясы. На іх ладзіліся аблавы. Калі Барысу было тры гады, ў адной з самых буйных аблаў, яны хаваліся на багне, акружылі немцы, тыя дзеці, якія пачалі плакаць, былі патопленыя. Барыс маўчаў, што і выратавала яго. Ён з цёткай Лідзіяй і яе дзецьмі тады праседзеў у багнавай халоднай вадзе тры дні. Пасля гэтага Барыс стаў заікацца. Бацька Барыса, Фёдар, вярнуўся з Германіі пасля вызвалення пешкі. Астатняе жыццё быў суворы і маўклівы.
Барыс не меў сям'і сваёй. Вядома ж, кабеты ў яго жыцці былі, але неяк не склалася. Быў адзінокі. Добра камунікаваў з Аляксеем і яго сям'ёй. З роднай сястрой, што жыве за мяжой.
Барыс вельмі любіў сына Аляксея, песціў, дарыў падарункі, не шкадаваў грошай для іх, клапаціўся. Як кажуць, душы не чаял. Родная сястра Барыса за мяжой. Яе муж, бацька Аляксея, у Мінску. Не вельмі здаровы, сардэчнік, мае шмат хранічных захворванняў.
Мяне адшукаў сёння сябра Барыса па працы, Аляксандр. Расказаў, што Барыса вельмі ўсе паважалі. Усе ягоныя сябры сумуюць. Працаваў на заводзе. Любіў спорт. Быў моцным. Сумленным, як усе кажуць, і мы гэта добра ведаем, вельмі адказным, ніколі нікога не падвёў.
Светлая памяць.
*****
Развітацца з Барысам Дуброўскім можна будзе 20 сакавіка аб 11-й у Мінскім крэматорыі (Паўночныя могілкі). Наталля Саматыя просіць звязацца з ёй тых, хто плануе быць на развітанні.