Памяці калегі: Назаўсёды з намі
22 сакавіка тэлефонны званок прынёс мне звестку, што агаломшыла і не дае апомніцца, — не стала Кастуся Тарасава.
Так заўчасна і так несправядліва. Бо ён толькі ж, здаецца, вырваўся з кіпцюроў смерці, пераадолеў наступствы інсульту. І здолеў вярнуцца да паўнавартаснай творчасці.
У маі мінулага года Косця перадаў нам у рэдакцыю, з просьбай змясціць на сайце, сваю гістарычную аповесць “На вайне. (http://www.novychas.org/literature/prose).
А ў верасні я атрымаў ад яго электронны ліст: “Аляксей, вітаю! Зараз я вярнуўся з Таліна і меў бы намер, калі ты згодны, супрацоўнічаць з “Новым часам. Магу прапанаваць аўтарскія
матэрыялы.
І пайшлі, адзін за адным, файлы з яго выбітнымі гістарычнымі нарысамі. Ранейшай моцы і таленту. Косця гарэў працай. І спяшаўся, спяшаўся, спяшаўся пісаць.
Мы паспелі надрукаваць дзевяць нарысаў. Апошні — у нумары ад 19 сакавіка. У рэдакцыйным партфелі засталіся яшчэ чатыры. Публікуем — наўздагон. Нарыс “Гісторыкі і палітыкі
— гэта роздум пісьменніка і грамадскага дзеяча Кастуся Тарасава аб праблемах асэнсавання нашага мінулага дзеля сучаснасці з праекцыяй на будучыню. А зараз, на трагічным абрыве яго жыцця,
гэты роздум гучыць ужо як запавет.
Творы Кастуся Тарасава адкрылі нам гістарычную Атлантыду — нашу краіну Беларусь. І тым спрацавалі на яе адраджэнне ў якасці суверэннай, незалежнай дзяржавы. І працягваюць працаваць. Не
кожнаму творцу дадзены такі лёс.
Боль і смутак ад незваротнай страты. Спачуванне родным і блізкім. Нам будзе вельмі не хапаць Кастуся Тарасава. Але нам застаюцца яго творы, што ўвайшлі ў агульную беларускую скарбніцу духоўнага
багацця. І ў тым нам суцяшэнне і аптымізм на будучыню ад Кастуся Тарасава — выбітнага беларускага пісьменніка, гісторыка, дзеяча нацыянальнага адраджэнскага руху.
Ад рэдакцыі “Новага часу
Аляксей Кароль
---------------------------------------------------------------------------
Біяграфічная даведка
Кастусь Тарасаў нарадзіўся 10 кастрычніка 1940 года ў Мінску. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1957) на працягу трох гадоў працаваў слесарам-зборшчыкам на Мінскім механічным заводзе, калектарам у
Паўночна-Заходняй геолага-разведачнай экспедыцыі, слесарам-мантажнікам у арганізацыі «Спецэлеватармельбуд». Вучыўся на хімічным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута
(1960–1965). Па заканчэнні інстытута працаваў майстрам шкловарэння на шклозаводзе «Неман», тэхнолагам на віцебскім заводзе «Маналіт». Быў рэдактарам,
загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве «Вышэйшая школа» (1967–1975), журналістам па дамове і загадчыкам аддзелу прапаганды і агітацыі газеты «Знамя юности»
(1975–1977), рэдактарам аддзелу мастацтва і крытыкі часопісу «Неман» (1977–1983), спецыяльным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва»
(1986–1988). З 1990 года — адказны сакратар часопіса «Спадчына». Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у газеце «Свабода».
Друкаваўся з 1965 года. Адным з першых сярод беларускіх пісьменнікаў узняў тэму гісторыка-культурнай спадчыны. З мастацкім творам выступіў упершыню ў 1976 годзе (аповесць «Следственный
эксперимент», часопіс «Неман»). Пісаў на рускай і беларускай мовах. Аўтар кніг аповесцяў «День рассеяния», «Странствие в тесном кругу»,
«Погоня на Грунвальд», "Апошняе каханне князя Міндоўга", "Адзіны сведка — бог", рамана "Тры жыцці княгіні Рагнеды",
літаратурна-гістарычных эсэ "Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны", а таксама зборнікаў гістарычных дэтэктываў "У час Стральца" і "Залатая
Горка".
Лаўрэат прэміі “Залаты апостраф за лепшую публікацыю ў прозе (2008 г.) часопіса “Дзеяслоў.
------------------------------------------------------------------------
АПОШНІЯ НАРЫСЫ КАСТУСЯ ТАРАСАВА: