Палітзняволеная Анастасія Міронцава: Вось гэта ўжо сумна…
Палітзняволеная Анастасія Міронцава распавяла ў лісце на волю пра прыбіранне снега ў калоніі: «Не так цяжка яго чысціць, як вывалакваць потым у мяшках з тэрыторыі», паведамляюць праваабаронцы.
26-гадовая
Анастасія Міронцава ў снежні даслала на волю ліст, у якім распавяла, што акрамя
цяжкай працы ў калоніі, зняволеных прымушаюць чысціць тэрыторыю ад снегу.
«У нас пачалася сапраўдная зіма. Акурат з першага снежня пачаў сыпаць снег. Усе ялінкі дрэў з белымі шапачкамі. Такая прыгажосць! Але разам з тым пачалася і ўборка снегу. Вось гэта ўжо сумна. Не так цяжка яго чысціць, як вывалакваць потым у мяшках з тэрыторыі. І зіма толькі пачалася… Ух!
Сёння я адпахала, потым схадзіла ў «баню» пад гарачую вадзічку і стала весялей. Зраблю зараз аўсянкі, кавы, калі паспею, і хутка ўжо на працу. І дзень, можна лічыць, скончыўся. Ужо хочацца ў ложак. Нешта я дужа паспела стаміцца».
Анастасію Міронцаву і яе сястру Вікторыю затрымалі яшчэ ў кастрычніку 2020 года ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справа звязана з падзеямі 10 жніўня ў Мінску — дзяўчыны трапілі на відэа з пратэстаў, што стала падставай для затрымання.
Пазней іх абвінавацілі яшчэ ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС, а Вікторыю таксама абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных справаў. 1 красавіка Анастасію асудзілі да 2 гадоў калоніі, а Вікторыю — да 2,5 гадоў.