Палітвязня Дзмітрыя Кубарава асудзілі яшчэ па адным артыкуле. Агульны тэрмін пакарання павялічыўся
У судзе Завадскага раёна Мінска 27 верасня вынеслі прысуд па новай справе, распачатай у адносінах да палітвязня Дзмітрыя Кубарава, раней асуджанага на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па артыкуле аб арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК РБ), піша «Вясна».
Гэтым разам палітзняволенага асудзілі на 3 гады калоніі за незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (арт. 295-3 КК РБ), а менавіта за захоўванне ў кватэры сродку для вырабу «кактэйляў Молатава». Агульны тэрмін пакарання для Кубарава склаў 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Справу разглядала суддзя Жанна Хвайніцкая, бок
дзяржабвінавачання прадстаўляў пракурор Аляксандр Кулакоўскі.
Другім абвінавачаным па справе быў Віталь Шкляр — хлопец,
які прывёз вадкасць для вырабу «кактэйляў» у кватэру Кубарава, аднак
на пасяджэнні па справе ён не з'явіўся, і яго абвясцілі ў вышук. Справу супраць
Шкляра вылучылі ў асобную вытворчасць.
Дзмітрый Кубараў на судзе адмовіўся даваць паказанні, таму
зачытваліся тыя, якія ён даваў падчас следства. Таксама яшчэ на папярэднім
судзе ён распавядаў, што на акцыі пратэсту пасля выбараў ён разгаварыўся з
чалавекам (Віталём Шклярам), які распавёў пра сваё жаданне вырабіць «кактэйлі
Молатава» і запэўніў, што мае для гэтага інгрэдыенты. Кубараў прапанаваў
прывезці іх да яго, што той хлопец і зрабіў (прывёз каністры растваральніка).
Падчас вобшуку пасля затрымання Кубарава яны былі знойдзеныя. Крымінальную
справу за захоўванне вадкасці для «кактэйляў Молатава» завялі на
пачатку чэрвеня.
Пракурор Кулакоўскі запатрабаваў для Кубарава 3 гады калоніі
па артыкуле 295-3 КК, а агульнае пакаранне, з улікам папярэдняга, змяніць з 7
гадоў на 8 гадоў і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У выніку суддзя
Хвайніцкая вынесла агульнае пакаранне — 8 гадоў узмоцненага рэжыму.
11 жніўня Дзмітрый быў жорстка затрыманы і дастаўлены ў СІЗА КДБ. У ноч на 12 жніўня там жа падпісаў яўку з павіннай. У яго кватэры прайшоў вобшук, пасля якога ў яго канфіскавалі рупар, медыкаменты, ваду, тэхніку (тэлефон, ноўтбук), каністры з растваральнікам. Пасля сямі месяцаў у СІЗА яго асудзілі паводле артыкулу аб арганізацыі масавых беспарадкаў на 7 гадоў узмоцненага рэжыму. Віну Кубараў не прызнаў. У сярэдзіне верасня суд пастанавіў спагнаць з палітвязня на карысць «Мінсктранса» 45 181 рубель 42 капейкі. Паводле меркавання «Мінсктранса», Кубараў спыніў грамадскі транспарт на 107 маршрутах.