Падпісваць ці не? У школе раздалі паперы, дзе прапісаныя абавязкі бацькоў

Бацька трэцякласніка звярнуўся ў рэдакцыю rebenok.by з пытаннем, ці павінен ён падпісваць нейкі «пратакол аб азнаямленні бацькоў з адказнасцю за выхаванне і ўтрыманне дзяцей».



Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

У тэксце гаворыцца пра тое, як законных прадстаўнікоў дзіцяці могуць пакараць за невыкананне бацькоўскіх абавязкаў.

Як вынікае з тэксту на бланку, бацькоў могуць пакараць за тое, што дзіця да 16 гадоў знаходзіцца не дома ў начны час. Таксама яны нясуць адказнасць за злачынствы або правапарушэнні дзяцей, якія не дасягнулі ўзросту адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці. За пакіданне дзяцей у небяспецы прадугледжана пакаранне ў выглядзе арышту або абмежавання волі на тэрмін да 2 гадоў.

photo_2020_09_24_10_53_17.jpg

Гэтую паперу з тэкстам вельмі дробнага шрыфту перадалі праз дзіця, каб я, бацька, падпісаў, —  распавядае чытач. — На ёй няма ні подпісу, ні пячаткі! Што гэта за дакумент або бланк? Ці абавязаны я гэта падпісваць?

Адвакат Кацярына Сельвестровіч тлумачыць, што падпісваць гэты дакумент і аналагічныя яму паперы неабавязкова.

— Па вялікім рахунку, гэта ўсяго толькі паведамленне аб нормах заканадаўства. У Беларусі дзейнічае прынцып "няведанне закона не вызваляе ад адказнасці", таму ніякага значэння такія распіскі не маюць.

Юрыст назірала выпадкі, калі бацькі ў адказ на падобныя паперы перадавалі настаўнікам або адміністрацыі школы свае: з тлумачэннем абавязкаў установы адукацыі і правоў дзіцяці.

 

Ці павінны бацькі распісвацца ў правілах школы?

Летась чытачы скардзіліся, што іх просяць распісацца за захаванне ўнутраных школьных правілаў. Начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая патлумачыла, што правілы ўнутранага распарадку школы — гэта ўнутраны дакумент, і бацькі яго не падпісваюць. Іх подпіс азначае толькі тое, што яны азнаёміліся з дакументам.

— Статут школы распрацоўвае ўстанова адукацыі, яе задача — толькі азнаёміць бацькоў з тымі пунктамі, якія тычацца навучэнцаў. Бацькі не падпісваюць гэты дакумент.

 

Ці могуць дзеці "распісвацца" за тое, што азнаёмленыя са школьнымі правіламі?

Часам падобныя бланкі пад роспіс раздаюць дзецям. Доктар юрыдычных навук, прафесар БДУ Юлія Гаўрыльчанка патлумачыла, што школьнікі распісвацца ў такіх дакументах не могуць.

— Дзеці валодаюць абмежаванай правасуб'ектнасцю, гэта значыць, яны не могуць набываць сваімі дзеяннямі правы і абавязкі (выключэнні з гэтага правіла рэдкія і досыць спецыфічныя). Таму ніхто не мае права патрабаваць ад дзіцяці пісьмовага пацверджання таго, што ён азнаёміўся з якім-небудзь дакументам.

"Распіска" ў гэтым выпадку не мае ніякіх прававых наступстваў. Цалкам верагодна наступнае яе выкарыстанне педагогамі або адміністрацыяй для ціску на дзіця. Але гэта з'яўляецца прыватным выпадкам псіхалагічнага гвалту і не толькі не этычна, але прама забаронена законам Рэспублікі Беларусь "Аб правах дзіцяці" (арт.9).

 Паводле rebenok.by