За ўдзел непаўналетніх у мітынгах разглядаецца каля 280 адміністрацыйных спраў
Віцэ-прэм'ер таксама згадаў, як на мітынгу затрымалі цяжарную жанчыну, і выказаў прэтэнзіі да таго, што яна там прысутнічала. Петрышэнка папракнуў гродзенку грашыма, якія вылучае дзяржава, паведамляе «Еўрарадыё».
За ўдзел непаўналетніх у несанкцыянаваных мітынгах разглядаецца каля 280 адміністрацыйных спраў. Такую лічбу назваў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка на пасяджэнні Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці.
"Адпаведна, іх законныя прадстаўнікі запрашаюцца на камісіі па справах непаўналетніх, і прымаюцца адпаведныя меры", — цытуе яго словы БЕЛТА.
Чыноўнік заявіў, быццам ёсць відэафіксацыя таго, што каля 20 бацькоў свядома прыцягнулі на несанкцыянаваныя акцыі 25 дзяцей. Ён прыгразіў даць прававую ацэнку кожнаму факту. "І ні адзін так званы бацька, які падвяргае свайго дзіцяці небяспецы, не сыдзе ад прадугледжанай заканадаўствам адказнасці", — падкрэсліў чыноўнік.
Ён згадаў, як у Гродне на мітынгу затрымалі цяжарную жанчыну, і выказаў прэтэнзіі да таго, што яна там прысутнічала. Петрышэнка папракнуў гродзенку грашыма, якія вылучае дзяржава. "Дзяржава прадастаўляе аплочваны дэкрэтны адпачынак не для таго, каб будучыя мамы наведвалі падобныя мерапрыемствы, а затым, каб яны маглі клапаціцца пра сваё здароўе і здароўе сваіх дзяцей, займацца іх выхаваннем і развіццём", — паведаміў ён.
Віцэ-прэм'ер лічыць прысутнасць дзяцей на несанкцыянаваных акцыях грубым і бясспрэчным парушэннем правоў дзяцей, палажэнняў Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, Кодэкса аб шлюбе і сям'і ды іншых заканадаўчых актаў. Ён папракнуў праваабаронцаў і гуманітарныя фонды, што яны не займаюцца гэтымі фактамі.
Між тым, дзяржава ўжо занялася ціскам на палітычных дзеячаў праз іх дзяцей. Пра пагрозы на адрас дзяцей яшчэ падчас выбарчай кампаніі паведамляла Святлана Ціханоўская: кандыдатка ў прэзідэнты была вымушаная адправіць іх за мяжу, каб магчы працягнуць выбарчую кампанію.
Вялікі розгалас атрымала нядаўняя гісторыя шасцігадовага Арцёма. Яго маці Алену Лазарчык затрымалі за ўдзел у мітынгу, а самога хлопчыка адразу ж перадалі не сваякам, а ў прытулак. Дзякуючы ціску грамадскасці дзіця вярнулі маці праз два дні.